Засьпявайма з Вайцюшкевічам

DVD-karaoke «Сьпявай васільковы край!», Мн., 2009, «Aupi».
Гісторыя надзвычай папулярнай ва ўсім сьвеце музычнай забавы караоке бярэ пачатак у Японіі ад 1983 году, але не засталася экзатычнай дзівосткай і ў Беларусі, бо на сёньняшні дзень актыўна пішацца нацыянальная гісторыя гэтай плыні: некалькі беларускіх песень трапілі ў рэклямную караоке-складанку карэйскай фірмы «LG», нямала знакамітых савецкіх песень выдаў па-беларуску на караоке-дыску Алесь Камоцкі, але быць першым у гэтай плыні яшчэ дазваляецца. І вось бізнэсовец Андрусь Палевіч (фірма «Aupi») ініцыяваў выданьне ў фармаце караоке насамрэч першага паўнафарматнага збору карэнна беларускіх песень «Сьпявай васільковы край!». І калі нехта засумняваецца, ці набярэцца столькі рэальна папулярных і вядомых нашых песень, каб іх усе хацелі падпяваць, дык дастаткова назваць імя артыста, зь якога пачынаецца новая сэрыя, каб сумненьні адпалі – Зьміцер Вайцюшкевіч. Ну хіба вам часам не трапляе ў голаў ягоны гіт «Чувіха», які адбівае рытм пэўнай працы? А хіба не цягне іншым разам засьпяваць пад настрой настальґічны раманс «Раскажы мне пра дождж»? Дый на сваё няўменьне засьпяваць нашчадкам калыханку на сон з скрухай згадвалі многія, пакуль фірма «Aupi» не сказала ім: «Ня ўмееце сьпяваць? Дык сьпявайце караоке пад выдатны аркестр Зьмітра Вайцюшкевіча», бо ў новы унікальны дыск увайшлі ажно 36 песень знакамітага артыста з найбольш папулярных ягоных альбомаў: «Паравіны году», «Паравоз каханьня», «Лірыка», «Танґа з ружай», «Песьні з доўгай шуфляды», «Тое, што трэба» і, безумоўна, «Калыханкі» ды «Цацачная крама».
Каб вас не бянтэжыла таямніца экзатычнай назвы караоке, адразу скажам, што ўтворана яна ад японскага словазлучэньня кара (пустая) і окестра (так-так, менавіта аркестра). Сэнс у тым, што якісьці папулярны артыст вызваляе вам мейсца ля мікрафону, каб пад ягоную прафэсыйную аркестру гучаў ваш голас. А каб не забывалі тэксту, на тэлеэкране бяжыць радок абранай песьні. Больш таго, дасьціпныя японцы прыдумалі нават спосаб кантраляваць ваш тэмп, афарбоўваючы літары сьпяванай у гэты момант ноты.
У першым беларускім праекце такога роду найбольш уразьлівым для мяне апынуўся сэктар альбому «Калыханкі», якім і пачынаецца трэк-ліст на вокладцы. Падумалася: ну дзе былі шаноўныя выдаўцы, калі мне, цалкам нясьпеўнаму бацьку, даводзілася мармытаць дачушцы Альдоне ўсялякую лабуду, каб неяк схіліць да сну. А тут проста ставіш на DVD-плэер кружэлку, дачка глядзіць на экран, дзе сьпяць прыгожыя дзеткі, іхнія цацкі ды нават машыны ў ґаражы, а бацька чытае літары на экране пад пяшчотную музыку:
Закруціў будзільнік вус, перастаў гудзець гудок,
Прытаміўся хлусіць хлус, лёг мядзьведзь на левы бок.
Свой пакінуў сонны трон сонаў сын, самотны сон.
Не спыняецца нідзе, добрых дзетак спаць кладзе.
Спаць кладзе,
Спаць кладзе.
Альбомы Зьмітра Вайцюшкевіча, бадай, ёсць у кожнай беларускай сям’і, пытаньне толькі ў колькасьці: вось у мяне, напрыклад, пяць, у кагосьці ўсе дзесяць. Але калі гіпатэтычна ўявіць чалавека, які ўпершыню чуе гэтае імя ды нават ня ведае, як той сам усё гэта сьпявае, дык і тым выдаўцы пакінулі радасць адкрыцьцяў, калі бэк-вакалістам у пэўных песьнях выступае ў вас… сам Зьміцер Вацюшкевіч. І такія моманты не замінаюць вашай сьпеўнай свабодзе, а толькі падтрымліваюць творчы пасыл.
Гаворачы пра альбомы, тут варта зьвярнуць увагу, што караоке-дыск не дублюе пасьлядоўнасць трэкаў у іх, бо мае іншую задачу. Дый вы самі вольныя кожны раз выбраць сабе твор пад пэўны настрой. Тым ня менш канцэптуальную вартасць гэтая складанка мае, бо нагадвае акурат найбольш запамінальныя мэлёдыі, знаёміць вас з пэўнымі адсутнымі ў хатняй калекцыі гітамі. І нават іх вы здолееце тут падпяваць, хоць прафэсыйныя адмыслоўцы слушна заўважаюць, што ў меню праекта можна было б увесьці й рэґуляваньне танальнасьці гучаньня, калі ваш голас ніяк не трапляе ў саўнд Вацюшкевіча. Гэта акурат мне закінуў Андрэй Плясанаў, што не трапляю ў танальнасць Вайцюшкевіча, але мне, па шчырасьці, акурат падабалася перагарланіць самога Тодара. А вось да рэальных выдавецкіх памылак я залучыў бы адсутнасць на вокладцы імя ўлюбёнага артыста. Мо слушна, бо Зьміцер Вайцюшкевіч тут амаль не сьпявае сваіх песень, дый на тыльнай бачыне супэрвокладкі ёсць маляўнічы відарыс амаль поўнай дыскаґрафіі беларускай супэрзоркі? І ўсё ж ня грэх лішні раз нагадаць, што перад вамі тое, чаго ўсе вы так пільна шукалі. І трэба сказаць, што ў другім выданьні імя Вайцюшкевіча ўсё ж зьявілася.
Karaoke-DVD мае даволі зручнае меню (просты выбар упадабаных альбомаў, улюбёных песень) ды прывабнае яшчэ й падборам адэкватнага відэашэрагу. Калі калыханкі аздоблены, натуральна, дзіцячымі карцінкамі, дык іншыя песьні ілюструюць каляровыя мастацкія краявіды, пэйзажы, натурморты, гістарычныя мясьціны беларускіх і эўрапейскіх гарадоў, дыямэнты вясковай архітэктуры. Асобна гэтыя відарысы можна паглядзець і ў рэжыме слайдпрагляду бяз музыкі.
І апошняя заўвага пра назву «Сьпявай васільковы край!». Каб вам не карцела шукаць памылак у адсутнасьці знакаў прыпынку, раю задумацца над філязофскім кантэкстам абодвух магчымых варыянтаў: сьпявай хто? – «Сьпявай, васільковы край!»; сьпявай што? – «Сьпявай васільковы край!». Дык засьпявайма нарэшце не чужынскія гіты, а родную старонку, каб абудзілася душа. Пра сур’ёзнасць такіх намераў сьведчыць і тое, што выдаўцы заснавалі цэлы сайт праекту, на які хутка зможа зайсьці кожны, хто толькі жадае заглыбіцца ў таямнічую атмасфэру караоке. А прафэсыйных ўладальнікаў караоке-клюбаў пэўна прывабіць магчымасць непаўторнай атмасфэры менавіта беларускага караоке, якую можна адшукаць праз адрас belkaraoke@tut.by
Вітаўт МАРТЫНЕНКА,
музычны крытык.

