Такія розныя ґлюкі ў Магілёве
«Ґлюкі» – «Гуманоід?..», Мн., 2007, «Каўчэг».
«Ґлюкі» – «Ідыятызм», Мн., 2009, «БМАgroup».
Для рэцэнзэнта, здавалася б, найпрэстыжнейшым будзе першынства ў адкрыцьці таленту, а вось знаёмства з магілёўскім гуртом «Ґлюкі» давяло мне іншую слушнасць. Дэбютны альбом «Гуманоід?..» я папросту праміргаў дзякуючы пустазвонству заштатных правінцыйных прапаґандыстаў, хоць стылістыка сьцёбнага стрыт-панку колісь прываблівала надзвычайна. Але па выхадзе другой паўнафарматнай кружэлкі «Ідыятызм» я мог толькі сказаць: «Дзякуй Богу за слушны інвэрсыйны рэйтынґ у маёй сьвядомасьці, бо пасьля "Гуманоіда?.." магла б наступіць звыклая апатыя да голага прафэсыяналізму, а віртуозна закручаны на мяжы Божага натхненьня "Ідыятызм" змусіць кожнага да глыбейшых знаёмстваў ды слушных адкрыцьцяў нават у тым дэбюце». Вось я й вырашыў адмовіцца ад традыцыйных схэмаў аналізу, адшукаў той прамірганы CD, каб зрабіць параўнаўчы аналіз двух такіх па-рознаму якасных альбомаў.
У лёсе гурта «Ґлюкі» дзівіць сама парадаксальнасць біяґрафіі: ня ведаю дату ўтварэньня, але ўжо ў 2007 – прарыў у прэстыжныя агульнакраёвыя гіт-парады, выхад паўнафарматнага альбому з выразнымі зорнымі прывабамі (ну як не зьвярнуць увагу на вытвор, дзе мастацкай аздобай займаўся сам UFO, былы сэмплер супэрзорнага «Mauzera»), ну а праз год апанавалі й галоўным прызам «БАСовішча’2008» ды… распаліся.
Праўда, гісторыя на тым ня скончылася, бо не заўважаныя раней песьні «Праґрама», «Сьпі мой край» «Antiemo» пачалі зьяўляцца на папулярных складанках кшталту «Не заганяйся’2», «Незалежныя», скараць розныя альтэрнатыўныя плебісцыты. Адчувалася назапашваньне цікавага патэнцыялу, але хто ж возьмецца за раскрутку так хутка зьніклай зоркі: хоць ґітарыст Стас Мытнік і басіст Раман Жыгараў абяцаюць працягваць музычную творчасць (у іх ужо ёсць праект пад назвай «Aketu»), але ж назаўсёды сышлі вакаліст і тэкставік Аляксей Паронкін, клявішніца Марына Грыбаноўская ды бубнар Юры Д’юд.
Дзякаваць Богу, ёсць такі мэнэджэр – Віталь Супрановіч, які жыве не паводле банальных шоўбіззаконаў: пачуўшы, што істотная частка заплянаванага альбому запісана, ён заручыўся згодай былых удзельнікаў на публікацыю створанага, а рэшту музы́кі вырашылі дапрацаваць з сябрамі іншых гуртоў. У выніку гэта стала дадатковай прывабай рэлізу, бо ў запісе прымалі ўдзел вакаліст «Nevma» Данік Забэла ды ажно сам лідэр гурта «Mauzer». Дый згаданы Раман UFO дапамагаў Яну Маўзэру рэпакі чытаць.
Дарэчы, той «Mauzer»аўскі трэк «Краіна» апынуўся адзінай сур’ёзнай песьняй альбому, бо ўсё там пераважна на мяжы зьдзеку ды сьцёбу. Затое акурат ён прывабіў да новага альбому «Ґлюкаў» такіх адданых фанатаў сур’ёзнага року, як мая дачка Альдона Мартыненка, студэнтка эканамічнага унівэрсытэту. І хоць яна мае пэўныя закіды бубнару й вакалісту «Ґлюкаў», мы зь ёй тут не прыйшлі да згоды. Дый ёсць яшчэ адзін істотны нюанс: як творы гурта «Mauzer» прасякнуты цытатамі з папулярнага альтэрнатыўнага раманіста Чака Планюка, дык «Ґлюкі» зьзяюць рэфлексыямі на незабыўнага нашага У. Караткевіча: то чуецца рэха «Зямлі пад белымі крыламі», то зьзяюць «Каласы пад сярпом тваім». Гэта вам не песенькі пра кеды/паўкеды, магла/незмагла, хоць і зусім не загрузныя.
Дык што ж такое новы альбом «Ґлюкаў»? Бадай, назва «Ідыятызм» дакладна перадае ягоны імідж: уявіце сабе гэткага містэра Біна з электраґітарай і вы зразумееце, што найлепшае найменьне стылю тут прыду-rock. Але не шукайце ў тым азначэньні ацэнак, бо маецца на ўвазе толькі адэкватны разьвязны настрой асэнсаваньня заскарузлага жыцьця ў цэнтры квітнеючай Эўропы. Вось акурат такі вольны выбар насельніцтва фіксуе й прыду-rock «Ґлюкаў». А народ шоўбізмолфствует.
Праўда, не пераймайцеся й палітычнымі закосамі музыкаў, бо разважаюць яны проста й свабодна пра ўсе бакі жыцьця. Найбольш ґеніяльным атрымалася музычнае ўвасабленьня стылю эмо, пра які цяпер аж ґрафіці на плоце пішуцца: то «эмо – гэта строма», то «эмо – лохі».
Ня ведаеце, пра што гаворка? Забыліся на сваё гіпісаўскае юнацтва або disco-маладосць? Дык вось цяперашнія падлеткі, калі ім нудна ад жыцьця, ствараюць суполкі дэпрэсыўна-эмацыйных індывідаў пад назвай emo. Для адных гэта сур’ёзна (і акурат Альдона з іраністамі нязгодна), другія з таго сьмяюцца. Вось і «Ґлюкі» з другіх, але менавіта іхнюю песьню «Antiemo» можна аднесьці да беларускай клясыкі emo-стылю:
А дасі мне паслухаць свой «Fall Out Boy»?
Сэнсу мала, думак многа…
Куды вядзе мая дарога?
Дзе спынюся, разьвярнуся,
З глузду зьеду, застралюся?
Ўсё кідаю за плячыма,
Заліваю сьлязой рэкі,
Тут застацца немагчыма…
Вось такія эмацыйныя высновы на банальным кісялі. Ну як не пасьмяяцца? А тут яшчэ чароўныя дзявочыя галасы першай фразы гучаць так фірменна! Super high grade!
Невыпадкова згадаў я й пра даўно забыты стыль disco (дзе вы, мэляманы 80-х?). Бо і «Ґлюкі» паспрабавалі заняцца ягонай рэ-інкарнацыяй у плыні панк-року, стварыўшы песьню «Re-Dziska» (пэўна, гэта найбольш правільны варыянт беларускай лятынкі). Цытаваць ня буду, бо ўвесь альбом «Ідыятызм» правакуе на татальныя цытаваньні («Бруд», «Наркаман», «Я за цябе», «Талерантнасць», фірменны трэк «Ґлюкі»), а песьня «Hooly» інтрыґуе нават напісаньнем назвы сваёй, бо гэта ці то «Сьвяты», ці то «Какова хрэна?». У тым і сутнасць «Ідыятызму». А вось «Гуманоід?..» хоць і намагаецца блюзьнерыць («Das ist Ganba», «Панк in the city», «Мала-Маладосьці»), але пакуль гэта толькі трэніроўкі, дзе думак і сэнсу дастаткова, а вось віртуознага ідыятызму малавата.
Мо таму, што больш намагаліся адвастрыць стылістычнае льсненьне ў дэбюце? «Гуманоід?..» стаў фірменнай энцыкляпэдыяй рок-стыляў: буґі-вуґі, рокабілі, гэві-мэтал, country, reggae ну і клясычны punk. Тым ня менш абодва рэлізы даюць сілкаваньне для розуму. Але не паддавайцеся на правакацыю адназначных назваў у творах «Ґлюкаў»: нават «Бывай, мой родны край» у першым альбоме і «Сьпі, мой край» у другім – зусім не гімны расчараваных, а якраз наадварот – пратэст нязгодных: «Лепшы край бачу толькі ў сьне, сьпі, мой край, але безь мяне».
Вітаўт МАРТЫНЕНКА,
музычны крытык.

