«Спрату» не замінае простасць

«Спрат» – «На плынях вясны», Берасьце, 2009, «Студыя Анатоля Харытонава».
Колькі разоў даваў сабе зарок не пісаць ґрунтоўных рэцэнзыяў пра розныя прома-дэма рэлізы маладых гуртоў, але пазнаёміўся на V фэстывалі «Амбасовішча’2009» зь берасьцейскімі emocore’шчыкамі з таямнічай назвай «Спрат» (ніякай экзотыкі, проста чарговае ёмістае слова забытай роднай мовы, што азначае звыклыя хатнія прылады) і адчуваю, што не стрымаюся. Не скажу, што ўсё гэтак ідэальна ў іхнім прома №2, але пачатак знаёмства з дыскам падарыў эмацыйнае ўзрушаньне накшталт колішняга дэбютніка «Тарпача» яшчэ з Сьветай Сугакай на вакале. Дый сустрэча на тым «Амбасовішчы» з адным колішнім сябрам па клюбу філяфаністых, які таксама грузіў мяне падобнымі параўнаньнямі, прымусіла абґрунтаваць нашыя сумесныя высновы.
Адразу растлумачу крыніцу маіх параўнаньняў з «Тарпачом»: безумоўна, паводле стылю яны розныя, але выплеснуць усе эмоцыі ў стартавым трэку могуць толькі яны, «Тарпач» і «Спрат». А вось розьняцца яны тым, што пераможцам «БАСовішча’2004» яшчэ хапіла натхненьня на дадатковыя ўдарныя гіты ў тым дэбютніку «Усё будзе…», а вось берасьцейцы пасьля вірлівага энэрґетычнага пачатку занураюцца ў нейкія джазавыя практыкаваньні, у арт-рокавыя – ды ўжо ніяк не country, як напісалі ў нейкай афішы – закосы. І хочацца тут сказаць ім: «Спрат», ня трэба кідацца ў высокія сфэры, дзе патрэбен большы дыяпазон вакалу дый мэлядычная віртуознасць, лепш пралічвайце мэханіку гітовых рытмаў папрошчэ і каўбасьце жорсткія беларускія шляґера наўзор клясычнага брытанскага «Slade» або нашага роднага «Partyzone» напачатку ягонага шляху. І першы мэґа-гіт у вас ужо ёсць – «Глядзі».
Прачытаўшы ў анатацыі рэлізу згадку, што «Спрат» – гурт беларускамоўны ад пачатку заснаваньня, я з задавальненьнем спасьцярог і ў тэматыцы песень шчырасць гэтых слоў, дзе выразна адчуваецца жыцьцёвая школа клясычнага беларускага року. Яны, пэўна, расьлі на ім, натхняліся да ўласнай творчасьці, таму не баяцца й адгукнуцца шчырай рэмінісцэнцыяй на досьвед папярэднікаў. Вось і песьня «Казачныя сны»…
Ты бачыш казачныя сны,
Над аблокамі ляціш.
Мы на рознай вышыні:
Ты у небе, а я – на зямлі…
Ну хіба не назіраецца тут разьвіцьцё тэмы, заяўленай менскім рэперам Vinsentam у песьні «Ты на небе»:
Мне б дакрануцца да цябе, цябе убачыць мне бы…
Я не магу: я на зямлі, а ты на небе.
І гэты шлях далёка не сама ты абрала,..
…траса Берасьце-Менск цябе забрала…
Найбольш інтрыґуючым момантам асабіста для мяне ў гэтым менска-берасьцейскім сумоўі акурат і стаў траґічны вобраз аўтамабільнай трасы Берасьце-Менск, які правакуе на канкрэтныя аналёґіі, бо і сам я засынаў на той трасе за стырном. Але цьвердзіць тую аналяґічнасць не бяруся, бо ў гісторыі беларускага року ўжо быў прыклад, калі «Крама», «N.R.M.» і «Алмазны фронт» адначасова без дайпрычыны ўзяліся за тэму «Хавайся ў бульбу» і вырашылі яе паасобку ў сваіх альбомах 2001/02 гадоў.
«На плынях вясны» – гэта ўжо другі прома-рэліз гурта «Спрат», пара гадоў таму быў яшчэ сінґл «Не чакай». І тут зьвяртае на сябе ўвагу пэўная павучальніцкая традыцыя року Берасьцейшчыны: калі ў бярозаўскага «:B:N:» мы памятаем назвы «Не трывай», «Не забывай», «Чакай» і г.д., дык «Спрат» дагнаў іх колькасьцю загадаў нават у сьціплых двух сваіх сінґлах: «Не чакай», «Глядзі», «Адчуй»… Гэта, безумоўна, магло стаць пэўнай адметнай рысай падачы матэрыялу ў будучых альбомах, але назвы «Час растаньня», «Казачныя сны», дый загалоўная «На плынях вясны» разьбіваюць гэты вобраз.
Гэтак засяроджвацца на нібыта дробязных дэталях мяне прымушае істотны патэнцыял удзельнікаў «Спрату». На жаль, ні на іхнім сайце (http://sprat.name), ні на дысках не ўдалося адшукаць імёнаў артыстаў за выключэньнем «Садаўскага» гукарэжысэра Анатоля Харытонава, які апякуецца імі, але мушу паўтарыцца, што пры істотных патэнцыялах інструмэнталістаў кульгае часам кампазыцыйная фантазія, няма нечаканых эмацыйных усплёскаў (за выключэньнем стартавага гіта «Глядзі»), а з тае прычыны й вакал пласкавата гучыць. Але гэта не азначае маіх прысудаў, бо рэцэптам выйсьця з усіх магчымых тупікоў стала б пераарыентацыя з складаных музычных формаў на татальна гітовую структуру.
Арыентыры названыя, але гэта ўсяго толькі мой асабісты погляд. І хоць ён надзвычай суб’ектыўны, досьвед прадказвае й значныя аб’ектыўныя рэзоны ў ім. Дый актуальная музычная кан’юнктура цьвердзіць, што гэткай emoцыйна завостранай каманды, якая сурова сьпявае пра надзённыя дробязі, падкідваючы важкія сацыяльныя намёкі, Беларусь яшчэ ня мела, а берасьцейцы валодаюць дастатковым спратам і спрытам (па даведкі сягайце да інбелкультаўскага слоўніка М. Байкова & С. Некрашэвіча, Менск, 1926).
Найважнейшае, што «Спрат» – гурт малады, а ўзрост зьяўляецца найлепшым ґарантам пэрспэктывы. Пры наяўнасьці таленту.
Вітаўт МАРТЫНЕНКА,
музычны крытык.

