Прывабнасць парадоксаў Джэці

Джэці «Phantom Of The Literature», Мн., 2008, «БМАgroup».
Рэцэнзуючы ў жніўні 2007 года літаратурна-музычны альбом «Начная чытанка», выдадзены Беларускай рэдакцыяй радыё «Свабода» (Praha, 2007, «RFE/RL Inc.».), я мімаволі зьвярнуў увагу на факт, што некаторыя зь ягоных удзельнікаў – асабліва бард Віктар Шалкевіч – праз свой адметны творчы шарм маглі б апраўдаць і камэрцыйнае выданьне асобнага аўтарскага аудыёальбому. Прызнацца, да Шалкевіча пакуль не дайшло, але вось Вера Бурлак, якая выступае пад псэўданімам Джэці, акурат і выпусьціла свой альбом у папулярнай сэрыі «Дыскарня Нашай Нівы». Выдаў кружэлку лэйбл «БМАgroup».
Парадаксальнасць вобразаў – не апошняя рыса творчасьці Джэці. Да таго ж, яна чуйна трымае руку на пульсе нацыянальнага жыцьця ў найбольш высокіх яго сфэрах. Кажучы, што яна здольная сваімі парадоксамі зацьміць «БэТэшныя» закосы пад «Бла-бла-шоў» у іхнім нябогім «Вот так шоу», я ўсё ж мушу заўважыць, што ейны філязофскі гумар не адпалохвае нават дзяцей. Вось і маёй дачушцы Альдоне ў гэтым альбоме найбольш спадабалася паэтычная дзея «Чорны квадрат Малевіча», дзе пануюць не банальныя сьмяшынкі на тэмы ніжэй пасу, а ўзоры сусьветнага маcтацтва made in Belarus.
Сапраўдным мастацкім драматызмам напоўнены нумар «Як добра, што сынок пайшоў у ґеніі», які ўпадабаў асабіста я. Мяне ўразіла пранізьлівасць і ляканічнасць лінґвістычных канструкцыяў, падтрыманая тонкім артыстычным шармам мастацкай манэры чытаньня Веры Бурлак. Вось што прамаўляе маці да сына, які выбіўся ў людзі ды будзе цяпер атрымліваць прэміі:
Ты памятай сам і ўсім сваім раскажы,
Што маці твая – даярка, а бацька – рознарабочы.
І вось яшчэ: вочы свае беражы.
Толькі беражы вочы!
Да найбольш запамінальных гітоў альбому можна залучыць і «Калі мы робім яміны», «Урна», «Пісец», «Балерына», «Марозіва»… Тэмы, як бачыце, рознай настраёвай танальнасьці, але над усімі дамінуе правакацыйны настрой паэткі. Яна як чараўнік прымушае нейкім чынам чакаць правакацыі нават у нібыта сур’ёзных тэмах.
Магчыма, чытача можа зьбянтэжыць тое, што аналізам паэтычных экспэрымэнтаў займаецца музычны крытык? Але мушу зьвярнуць увагу, што музыка займае не апошняе мейсца ў гэтых экспэрымэнтах. Музычны рэдактар праекту Зьміцер Дзьмітрыеў даволі ґрунтоўна папрацаваў у архівах сусьветнай музыкі радыёстанцыі «Свабода», каб адшукаць да кожнага адчутага ім настрою адпаведныя гукі. Найбольш прыемнае ў гэтым чыне тое, што сярод выдатных майстроў ґлябальнай славы (Вольфґанґа Амадэя Моцарта, Гершона Кінґсьлі, Жана Марка Зэльвера, Ґеорґія Сьвірыдава ды інш.) не забытая й творчасць беларускіх кампазытараў (Віктара Купрэвіча, Барыса Краўчанкі й г.д.). Праўда, не абыйду ўвагай і сьляды савецкага выхаваньня сучасных адмыслоўцаў радыё «Свабода»: не прамінуўшы імёны савецкіх музычных аўтарытэтаў (Райманда Паўлса, Арама Хачатурана, Людмілы Лядавай), яны ўсё ж апынуліся па-за межамі вольнай беларускай музыкі кшталту вельмі настраёвай творчасьці такіх кампазытараў, як Мікола Равенскі, Алесь Карповіч, Мікола Куліковіч, Баляслаў Лішчонак…
Адзначаючы вартасную мастацкую аздобу выданьня, зробленую адмыслова Натальляй Паваляевай, выдаўцоў усё ж варта папракнуць, што ў буклет ня трапіла біяґрафія Веры Бурлак, якую, трэба прызнаць, пакуль яшчэ мала ведаюць у Беларусі, а з такім падыходам і ня будуць ведаць. А біяґрафія ж Джэці – не дзяржаўная таямніца. Тым больш, яна была ў згаданым супольным праекце «Начная чытанка’1»:
Вера Бурлак, вядомая таксама як Джэці, нарадзілася 2 красавіка 1977 году ў Кіеве і, як сама прызнаецца, «з таго часу мала зьмянілася». Закончыла музычную школу па клясе фартэпіяна, філфак Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (2001), асьпірантуру (2004). Дасьледуе паэзію для дзяцей, выдала манаґрафію «Детская поэзия Серебряного века: Модернизм» (2004). З 1997 году зьяўляецца нязьменным галоўным рэдактарам самвыдавецкага часопісу «Вясковыя могілкі». Выдала кнігу вершаў «За здаровы лад жыцьця» (2003). Выступае як аўтарка й выканаўца ўласных песьняў, вакалістка й інструмэнталістка музычнага гурта «Засралі казарму». Зрабіла шэраг перакладаў паэзіі й прозы з украінскай, расейскай, анґельскай моваў. Творы Джэці перакладаліся на анґельскую, нямецкую, польскую, украінскую, чэскую мовы й нават на эспэранта.
Ці гэтая інфармацыя зашкодзіла б уладальнікам аўтарскага дыску Джэці? Але найбольш прышпільнае: пасьля праслухоўваньня гэтага альбому так і застаецца незразумелым, чаму яму далі анґельскую назву «Phantom Of The Literature»? Няўжо беларусы, якія й складуць армію прыхільнікаў паэткі, не зразумелі б простыя слова «Прывід літаратуры»?
Аднак, радуе, што ў пакуль яшчэ небагатым рынку беларускай літаратурнай фанаґрафіі зьяўляюцца ўжо насамрэч вартасныя выданьні, якія будуць многія слухаць з жаданьнем паўторных сустрэч.
Вітаўт МАРТЫНЕНКА,
музычны крытык.

