Слухай сваё!

Пра палітыку – без палітыкі?

«НезалежныЯ» (супольны музычны праект), Мн., 2008, БНФ «Адраджэньне».

Кружэлка «НезалежныЯ», у якую ўвайшлі творы «N.R.M.», Аляксандра Памідорава, «Partyzone», «:B:N:», «P.L.A.N.», «5set5», «IQ48», «Глюкі», «Заточка», «Сьцяна» ды іншых герояў беларускіх супэр-топаў, выйшла яшчэ ўвесну 2008, акурат да юбілею 90-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. А паколькі гэтым агульнанацыянальным сьвятам цяперашняя дзяржава не займаецца, дык занялася, натуральна, апазыцыя – Культурніцкая камісія Партыі БНФ. І, трэба адзначыць, CD «НезалежныЯ» стаўся далёка не адзіным учынкам на гэтым шляху. Але гэта ўжо гісторыя, таму лепш падрабязна спынімся акурат на музычным зьмесьце рэлізу.

Фундатаркай праекту сталася асоба вельмі вядомая ў беларускіх мастацкіх колах Амэрыкі – колішняя артыстка нью-ёркскага танцавальнага ансамбля «Васілёк», а цяпер прафэсар мастацтвазнаўства спадарыня Ала Орса-Рамана. Ці спраўдзіліся ейныя надзеі ў выніковым вытворы?

Па шчырасьці, калі першыя рэцэнзэнты адзначалі, што праґрама дыска амаль пазбаўлена палітызаванасьці, бянтэжыўся нават я. Няўжо зноў «пяюны забранага краю» будуць 25 сакавіка славіць вясну-красну, любоў-маркоў, не зьвяртаючы ўвагі на стогны паміраючай Радзімы?

Як заўсёды, паводле тэматыкі дакладна ў кропку патрапілі клясыкі нацыянальнай рок-плыні: «N.R.M.» прэзэнтуе тут чаканы трэк «Тры чарапахі-New» з філязофскім падтэкстам, дачэрняя фірма Піта Паўлава «Garadzkija» нарэшце апублікавала свой гіт «Усё, што мяне ў гэтым сьвеце трымае…», створаны для супольнага праекту «Я нарадзіўся тут», а Лявон Вольскі яшчэ й дапамог бярозаўскаму гурту «:B:N:» давесьці да высокага эмацыйнага гучаньня панеґірык Сяржука Машковіча «Загінулым паэтам прысьвячаецца». Дый вядомы «P.L.A.N.» застаўся верным высокаму паэтычнаму слову, пераканаўча скарыстаўшы дзеля разгортваньня юбілейнай тэмы верш Алеся Пісарыка «Наша спадчына». І хоць лідэра калектыва Андрэя Плясанава нярэдка аббрэхвалі тады безыменныя інтэрнэтныя моські акурат за надзённую паэтычную арыентацыю («Почитайте тексты, что выбирает Плесанов для песен: "на сэрцы цяжкая хмара, чужынцы пануюць, у нас адабралі мову, прайшло каханьне, кончылася любоў, адляцелі птушкі – буслы, шпакі, крукі, няма сілаў…" и т.д. Всё это под типичный совковый мажорно-аккордный – он же "белорусский" – харч-рок»), творца застаецца верным Божаму дару – таленту, таму нават у сумных песьнях не губляе аптымізму: «За нязломнасць, жывучасць вялікую я люблю, Беларусь, цябе!» – так сымбалічна завяршаецца ягонае творчае пасланьне. І гэта акурат асабісты плясанаўскі дадатак да верша А. Пісарыка.

Не цураюцца такога падыходу й маладзейшыя куміры публікі, лаўрэаты прэстыжных фэстываляў. Напрыклад, менскі гурт «IQ48» у наймаднейшых музычных плынях даў новае жыцьцё магутнаму купалаўскаму вершу «Гэй, наперад!», берасьцейская «Сьцяна» ў песьні «Калыханка» сама здолела выявіць адпаведны настрой абыякавай да свайго лёсу нацыі, а «Partyzone» тым жа шляхам пакінуў слухачам і аптымістычны пасыл («Розум»). Дый смалявіцкі «Акропаль», які скарыў летась журы фэстывалю «Рок-Кола», у сваёй песьні «Дзе ты, дзе?» не саступіў у эмацыйнай ды філязофскай напрузе тэмы нават жывому клясыку Аляксандру Памідораву («Адзін»), які, знаходзячыся напачатку новай супольнай праґрамы, нібыта задае жорсткі, баявы настрой ва ўспрыйманьні сьвята.

Менск, Бярэсьце, Бяроза, Смалявічы… Так, ґеаґрафічна панятак «НезалежныЯ» блізкі ўсёй Беларусі. Нават больш: усім беларусам, бо прысутнічаюць на кружэлцы й беларусы Польшчы. Калі вакалістку Ілону Карпюк раней мы чулі толькі ў стадыі пачатковых пошукаў на касэтах гарадоцкага гурта «Homan», дык тут цікавая вакалістка паказвае выразна пасталелыя творчыя здольнасьці ў песьні «Така Я» ейнага новага гурта «5set5». Твор рэальна інтрыґуе самім эўрапейскім саўндам калектыва, а выдаўцы падахвочваюць гэтую інтрыґу інфармацыяй пра наяўнасць у эўразьвязаўскіх выдавецкіх структурах паўнафарматнага альбома «5set5», які мае назву «X».

Дый ґеаґрафія ўласна Беларусі выразна шырэй на гэтым дыску, бо на роднай мове хоча сьпяваць ужо ня толькі сталіца (гурт «Unia» ў садружнасьці з вэтэранам айчыннага фолк-мадэрну Алегам Хаменкам прадстаўляе вядомы яшчэ праз «Песьняроў» фольк-эвэрґрын «Хлопец пашаньку пахае»), але й колішні фарпост расейскага цара, наш дзіка ўсходні Магілёў. Прыдняпроўскія гурты «Глюкі» («Праґрама»), «Заточка» («Пра футбол»), якія кансалідуюцца вакол плыні розных адгалінаваньняў панк-року, таксама пераканаўча даводзяць памяць аб сваёй эўрапейскасьці.

Калі згадаць нашае савецкае мінулае ў так званай «неритмичной стране», усе названыя полюсы нацыянальнай сьвядомасьці вызначаюцца акурат высокаэнэрґетычнай заточкай глюкаў, у той час як менчукі (з чароўнымі дударскімі наваротамі Алега Грынько) здольныя не губляць энэрґетычны балянс і з этнакоравым занурэньнем у фольк. Дый не падманвайцеся аблегчанымі назвамі песень магіляўчан, бо нават нібыта банальны трэк «Пра футбол» цераз прызму поглядаў спартовага заўзятара трымае руку на пульсе не абы чаго, а істотна апошленага сёньня панятку патрыятызм. Ці гэта не яшчэ адзін позірк у 90-гадовую гісторыю БНР? Больш важкім стала ў параўнаньні з альбомам «Humanoid» і гучаньне «Глюкаў», схільных да заваднога й хуліґанскага ска-панку.

Звабы гэтай плыні спавядае й вядомы праз шэраг прэстыжных складанак менскі «Ska!RB». Іхняя песьня «D.I.Y. Porno Zine» атрымалася выразна больш сэнсавай за іхняе «Лета» з праекту «Партыzанская школа», хоць і ня менш драйвавай. Дый тэма каханьня ў часіны, калі «няма цяпла, няма сьвятла», наўрад ці парушае БНРаўскую тэматыку альбому.

Пазітыўнымі пачуцьцямі напоўнены й новыя песьні такіх ужо даволі вядомых на айчынным CD-рынку гуртоў, як «zIGZAG» (песьні «Ляцяць дні» не было раней ні ў альбоме «Bionic@», ні ў «Трох расейскіх літарах»), «Dali» (іхняе «Неба шэрае», прадстаўленае нават на БТшным «Эўрафэсьце», здолела і ў тэме каханьня выявіць рэвалюцыйныя памкненьні маладых: «давай ізноў, як рэкі, выйдзем зь берагоў»).

Плённа ідуць да сваіх будучых зьмястоўных альбомаў і навічкі: «Імёны Свабоды» гурта «Амарока» істотна пераўзыходзяць іхняе дасягненьне ў супольным праекце «Чарнобыльскі вецер» («Людзі»), менчукі «Siver» задумоўваюцца над гонарам сваёй сталіцы «Мінск», што таксама не пярэчыць юбілейнай тэме, хоць выкарыстана савецкая клясыка «Сьцяг брыгады» А. Куляшова, а маладэчанскі «Usplёsk» песьняй «Менская сіеста» дык і ўвогуле інтрыґуе слухача думкай пра зьмест іхняга будучага альбому «Выварат Віліі», у той час як знакамітае «Recha» фальклёрным творам «Як сьпявала» яўна зьнізіла рэвалюцыйны імпэт сваіх папярэдніх выступаў («Чэ Ґевара», «Бацькаўшчына»).

Выразнае разьвіцьцё выяўляе й гурт «Band A» (песьня «Хуткія»), не засталося глухім да лёсу 90-гадовай заснулай прыгажуні пад назвай БНР і чарговае сьцёбна-попсавае выдавецкае адкрыцьцё зь Бярозы «Кальмары» («Ён і яна»), што даводзіць неўміручасць плыні нацыянальнага року. Галоўнае, што кружэлка «НезалежныЯ»  зусім не пацьвердзіла папярэдніх перасьцярогаў, выкліканых паўп’янымі «Песьнямі Свабоды’3».

Вось толькі наўрад ці варта было пампезна менаваць гэтую звычайную складанку «супольным музычным праектам», дыскрэдытуючы тым самым арыґінальны жанр, народжаны ў Беларусі. Не, хлопцы, да канцэптуальнай завершанасьці ды творчай згранасьці гуртоў-удзельнікаў «Народнага альбому» або «Партыzанскай школы» вам пакуль не дацягнуцца, а вось «Вольныя танцы» атрымаліся неблагія.

Вітаўт МАРТЫНЕНКА,

музычны крытык.