Пачуй покліч «Druva» ў сваёй душы

«Osimira» – «Druva», Мн., 2008, «БМАgroup» паводле ліцэнзыі «Sketis Music», С-Пб, 2007.
Як кажуць, і старажылы не прыгадаюць пачатак супрацоўніцтва лэйблу «БМАgroup» з магілёўскім этна-гуртом «Osimira», а я вось скажу, што пачалося ўсё ня з «Прошчы» (2004), а з касэтовага яшчэ альбому «Песьні вогню й зямлі» (2001). Але менавіта «Прошча» стала тым сапраўдным камэрцыйным посьпехам, калі менскі лэйбл распачаў продаж ліцэнзыяў на свае выданьні. А калі піцерская фірма «Sketis Music» сама выпусьціла другі CD-альбом «Druva» таго ж калектыву, дык менавіта «БМАgroup» апынуўся першым уладальнікам правоў перавыданьня. І вось яно, беларускае «Druva», вернутае на Радзіму, прэзэнтацыя якога яшчэ чакаецца пасьля летніх канікулаў, але прызы «Рок-Каранацыі» яно ўжо гурту прынесла.
Праўда, нельга сказаць, што праґрама новага альбому зусім невядомая ў Беларусі, бо яшчэ на ІІ фэстывалі «Crivia Aeterna’2007» яна была прадстаўлена менскай публіцы. Але факт, што байкі пра нейкі банальны зборнік або канцэртовы рэліз апынуліся марнай плёткай. «Druva» – гэта паўнавартасны канцэптуальны альбом.
Вызначыць ягоную стылістыку даволі складана, бо многія крытыкі знаходзяць тут водгульле рэха джаз-року й стылю ф’южн, дапільноўваюць імправізацыйныя пачаткі інструмэнтальных твораў, выкананых на старажытных народных інструмэнтах (сапілкі, дуды, жалейкі), а замежныя мэнэджэры нярэдка запрашаюць «Osimira» на прэстыжныя эўрапейскія фэстывалі музыкі dark-wave, адкуль магілёўцы нярэдка вярталіся з галоўнымі ўзнагародамі. І хоць у нас кажуць «Ну які ж гэта dark-wave, які ў заходняй маскультуры ґрунтуецца на фантазійных прычудах нэа-фольку?» (ціпа цёмныя сілы іх злобна гнятуць), можам адказаць, што наш dark-wave стаў вынікам тысячагадовых традыцыяў асэнсаванага зазіраньня продкаў у сьветлыя й цёмныя бачыны жыцьця, бо продкі здаўна верылі ў двуаблічнасць сьвету, з пашанай успрымаючы як сьветлы, гэтак і цёмны дар лёсу. Бо нават пазьнейшая хрысьціянская культура не адпрэчвала патрэбы несьці свой крыж, які Бог даў, каб душа захавала чысьціню. І тая вера адбілася ў песьнях, напоўненых дзіўным букетам эмоцыяў.
Калі «Прошчу» можна было б назваць «музыкай народных сьвятаў, кірмашоў ды гуляньняў, мэлёдыяў прыроды роднай зямлі», дык «Druva» зьнешне ўспрымаецца як працяг таго настрою, бо ў альбоме гучыць нямала канкрэтных гукаў паміж песьнямі (шчабятаньне птушак, пошум лістоты, цурчаньне вады, гукі кляпаньня кос-літовак), але музыкі тут імкнуцца да больш глыбіннага асэнсаваньня старажытнага музычнага матэрыялу, да спасьціжэньня сутнасьці саміх страчаных тапонімаў нашай зямлі (крыві, літва, русь). Сучасны слухач за таямнічую экзотыку ўспрыме нават назвы пэўных родных твораў, кшталту «Канклі ды дудка», дзе акурат на канклях грае Аляксей Палаўчэня, а на басавым смыку Гальяш Даўжанкоў. У аранжыроўках альбому замест аўтарскіх фантазіяў на тэмы фольку ці ўвагі да фольк-рок-рытмікі прасочваюцца паліфанічныя «голасныя» сьпевы, заглыбленьне ў ледзь прыкметныя падтэксты аўтэнтычных твораў, асноўная ўвага надаецца глыбіні ды інтанаваньню песень праз адметныя вакальныя распрацоўкі тэмаў. Каб пашырыць тэмбравы спэктр і менавіта вакальныя магчымасьці гурта (Алена і Тацяна Лютаровіч) склад быў узмоцнены новымі сьпявачкамі Вольгай Брацянковай і Вольгай Пытковай (творы «Купалка», «Ой ты, селязён», «Ой стаіць явар, тонкі высакі»). А мужчынскі вакал Андруся Палаўчэні (лідэра гурта, мультыінструмэнталіст) і Кастуся Канцавога (дудар, лірнік ды інш.) пазначаны шаманскім гукам, які нагадвае ранейшыя канцэртовыя містэрыі «Osimira», што выконваліся ў коле сяброўскага праекту «Pragnavit» (трэкі «Ваяры», «Дзяды», дзе ўжываецца прызабыты музычны інструмэнт сурма). Гэты своеасаблівы драўляны рог надае кампазыцыям гукавую прастору, якая дапамагае расшыфроўцы старажытнага падтэксту.
Кампазыцыйнай вынаходлівасьцю зьзяюць творы «Жыцень», «Пчолка», «Лёля», «Расоха», пазначаныя мяккімі тэмбрамі ды гнуткімі мэлядычнымі лініямі (тут і дудкі, і чарот, і акарыны, і тыя самыя косы-літоўкі). А ў складаных музычных палотнах варажбіцкай і сакральнай тэматыкі, якія чамусьці апынуліся ў бонусах («Ноч кола», «Покліч дрэва») галоўны настрой ствараюць дуда, вурган, колавая ліра. І між тым музычны крытык Анатоль Мяльґуй слушна заўважае пра ключавое значэньне гэтых бонусаў у структуры альбома «Druva»: «Першая з названых п’есаў выклікае сапраўды псіхадэлічныя вобразы начных жахаў, другая ж – прымушае задумацца пра лёс той спадчыны, якая засталася нашчадкам з часоў старажытнай Крывіі, да чаго зьвернута й назва альбома, якая паходзіць ад старажытнага прускага слова druvis – дрэва…»
Калярытную мастацкую аздобу прапанавала мэнэджэру гэтага праекту Алегу Ціханаву ягоная жонка Тацяна Ціханава, якая распрацоўвала й абедзьве (БМА+Sketis) мастацкія аздобы першага альбому «Osimira». А «Druva» ў Беларусі й Расеі выйшла ў аднолькавай вокладцы.
Вітаўт МАРТЫНЕНКА,
музычны крытык.

