Слухай сваё!

Хто паяднае лірыкаў і панкаў?

Натальля Арсеньнева «З крывіцкай сям’і», Мн., 2009, «БМАgroup».

Папулярная CD-сэрыя «Беларускі музычны архіў» палічвае ўжо звыш дзесятка канцэптуальных выданьняў, прысьвечаных творчасьці выдатных айчынных кампазытараў, сьпевакоў, хормайстраў, бардаў. Асаблівую прывабнасць уяўляе сабой паэтычнае адгалінаваньне сэрыі, дзе ў форме папулярнай песьні ўвасоблена высокае паэтычнае слова. Да выдатных твораў на вершы Янкі Купалы, Ларысы Ґеніюш, Уладзіміра Караткевіча дадаўся нядаўна й фанаґрафічны томік «З крывіцкай сям’і», якім лэйбл «БМАgroup» адзначыў 105-ю гадавіну з дня нараджэньня вялікай беларускай паэткі, што нарадзілася ў Азэрбайджане, а памерла ў ЗША, Натальлі Арсеньневай, якую сусьветныя літаратурныя энцыкляпэдыі называюць адной з найярчэйшых паэтычных зорак Беларусі ў ХХ стагодзьдзі. Прэзэнтацыйны канцэрт гэтага CD пройдзе ў дольнай залі менскага касьцёлу Сымона й Алены 30 чэрвеня 2009 г.

Адразу трэба сказаць, што хоць творчасць паэтаў-эміґрантаў у савецкім часе была пад пільнай забаронай, да Радзімы далятаў праз межы голас незраўнанага Данчыка, які плённа супрацоўнічаў у Нью-Ёрку з Арсеньневай, перапісваліся на маґнітафонах, а потым і патаемна выконваліся песьні эміґранцкіх кампазытараў Міколы Куліковіча, Міколы Равенскага, а пазьней і Яўґена Маґаліфа на вершы Арсеньневай. Дый што казаць, калі нават у савецкай Беларусі яшчэ 50-х гадоў знайшлося сярод кампазытараў палымянае сэрца, якое кранула глыбокая паэзія Натальлі Арсеньневай – Эла Зубковіч, творы якой дайшлі й да нашых дзён ды выконваюцца сапраўднай зоркай сучаснага беларускага рамансу Тацьцянай Матафонавай. Натуральна, усе гэтыя імёны ўвайшлі ў праґраму новага альбому «З крывіцкай сям’і». Але ня трэба чакаць тут банальнага скрабатаньня па састарэлых сусеках, бо не сасьмяглі традыцыі шчырай беларускай песьні, таму й сёньня ў пашане наймаднейшых творцаў, найактуальнейшых гіт-мэйкераў высокае паэтычнае слова, пазначанае ня толькі вэрбальным, але й мэлядычным талентам.

У прадмове выданьня, напісанай доктарам гістарычных навук Янкам Запруднікам, адзначаны «кароль нацыянальнага блюзу ў мэтраполіі Андрэй Плясанаў, які сьвядома сілкуецца нацыянальным паэтычным словам». Дык вось менавіта яму ўдалося тонка перадаць звонкі ўнутраны нэрв шчырай лірыкі Натальлі Арсеньневай, і ягоная песьня «Сонца залатое» стала мэґа-гітом альбома, кранаючым літаральна да сьлёз.

Віртуозна закруціў клясычныя паэтычныя вобразы ў сучасных нэа-рамантычных рок-рытмах гурт «zIGZAG», якому да таго ж пашанцавала стаць адзіным аб’ектам параўнаньня з голасам самой Н. Арсеньневай: гіт «Ты мой родны край» акурат і ёсць песенным увасабленьнем верша «Знаю», які перад тым чытае паэтка. А ўвогуле на дыску яна сама чытае з дзесятак сваіх вершаў, запісы якіх паходзяць з калекцыі нямецкага прафэсара Норбэрта Рандэла. Што да песьні гурта «zIGZAG», дык яна ўжо мела дастатковую раскрутку праз тэлеканалы ў аднайменным кліпе, які плянаваўся да публікацыі й на гэтым дыску, але ня трапіў па тэхнічных прычынах.

Зрэшты, на параўнаньні пашанцавала ня толькі гурту «zIGZAG», бо на нешта падобнае намякае й той самы Янка Запруднік у сваёй прадмове: «Уражвае тут і факт, як адзін і той жа верш паэткі (напрыклад, "Я ішла") часам здольны абудзіць у кампазытараў розныя пачуцьці: радасць у Алесі Ўнукоўскай і таямнічасць у гурта "Ростра"…». Каралева лагодных песенных інтанацыяў Алеся Ўнукоўская мае ў альбоме «З крывіцкай сям’і» два трэкі. Да названага дадамо яшчэ неверагодна пяшчотную калыханку «Ноч рассыпала».

Але каб ня склалася памылковай думкі пра нейкі прадвызначаны стэрэатып жаночай паэзіі, якой нібыта й характэрныя толькі лагодныя фарбы, мусім зьвярнуць увагу на надзіва яркія ўзоры суровай мужчынскай творчасьці, натхнёнай талентам спадарыні Натальлі. Магутна разгарнуліся тут зоркі беларускага панк-року («Голая Манашка» зь песьняй «У храм незямны») і гэві-мэтал-року (Ян Жанчак з сваім новым гуртом «In Search For» і песьняй «Пій да дна»). Калі Хведар Жывалеўскі бярэ тут таямнічай інтрыґай кампазыцыі, якую распачынае сьмелай цытатай з «Zet»’аўскага «Анёлу», дык Ян Жанчак – неверагоднымі вакальнымі пасажамі магутнага голасу.

Надзіва разнастайным талентам дапамагла разгарнуць свой Божы дар у гэтым праекце паэзія Натальлі Арсеньневай: знакамітая Вераніка Круглова й новая зорка Тацьцяна Беланогая, клясычны «сузор’евец» Аляксандр Растопчын і ягоны менш раскручаны пагодак Уладзімір Зайчанка…

І хоць крыўдна за прыкрыя арґанізацыйныя збоі (як той жа пазначаны ў трэк-лісьце, але адсутны кліп або пераблытаныя назвы вершаў, калі замест «Сталёвага зьвязу» напісана «Годзе»), але пры ўсіх праблемах сусьветнай D.I.Y.культуры айчынная сэрыя «Беларускі музычны архіў» працягвае пасьпяхова выносіць на сабе крыж, наканаваны якому-небудзь міністэрству культуры. Трыб’ют-альбом Натальлі Арсеньневай «З крывіцкай сям’і», безумоўна, стане прыкметнай радком у гісторыі беларускай нацыянальнай фанаґрафіі.

Вітаўт МАРТЫНЕНКА,

музычны крытык.