Слухай сваё!

«Global CD» – новая музыка на рынку

2 CD «Музыка Беларусі ХІХ стагодзьдзя», Мн., 2008, «Global CD».

Звычайна прыватная выдавецкая ініцыятыва на беларускім рынку абмяжоўвалася выключна маскультам, дый тое ня доўгатрывалым. Вокамгненна зьявіліся й зьніклі лэйблы «Bulba Records», «Prynamsi Records», якія пакінулі па сабе хаця б рэха аб беларускай прысутнасьці ў шоў-бізнэсе. Але былі сярод іх і больш трывалыя ініцыятывы (кшталту «БМАgroup»), якія заявілі аб сабе ня толькі ў маскульце, але й у літаратурных запісах, клясычнай музыцы. Хто б мог падумаць, што менавіта ў гэтай сфэры ў іх зьявіцца вартасны канкурэнт, які распачне сваю дзейнасць менавіта з шэдэўраў беларускай клясычнай музыкі ХІХ стагодзьдзя? Мо і нашыя чытачы заўважылі на рынку цэлую сэрыю 2 CD «Музыка Беларусі ХІХ стагодзьдзя», «Музыка Беларусі ХVІII стагодзьдзя».

Дый беларускія мэляманы даўно прыкмецілі на розных open-air-канцэртах і фэстах калярытнага дзядзечку ў саламяным капелюшы зь перасоўным музычным шапікам на «VW-Transporter», пра якога добры паэт наўзор Караткевіча напісаў бы яшчэ адзін ґеніяльны верш «Кніганошы». Толькі ў нашым кантэксьце назва ўжо будзе гучаць так: «Дысканошы». Гэта прыватны прадпрыймальнік Уладзімір Азёма, які не пайшоў сьледам за рознымі «Містэрыямі гуку» ды «Прашпэктамі», якія шуфлююць ва ўсіх кіёсках ад базару да вакзалу адзін і той жа надакучлівы з радыёфарматаў асартымэнт, а вырашыў рабіць бізнэс на тым, чаго няма нідзе. У яго заўсёды поўны спэктар фальклёрных запісаў, нямала модных аудыёкніг, навінкі рок-музыкі й бардаўскай песьні. Здавалася б, прагарэць павінен быў такі арыґінал, а тут неяк пачуўся ад яго кліч сярод музычных адмыслоўцаў, што хоча ўкласьці грошы ў тое, чаго заўсёды нестае ў ягоных музычных ятках, хоць таго звыкла патрабуе ягоная істотная ўжо армія сталых спажыўцоў: «Чаму няма беларускай інструмэнтальнай, клясычнай музыкі?».

Мо нехта здзівіцца: «А што, ёсць такая?» Але спадар Азёма ня стаў бянтэжыць душу марнымі сумненьнямі, а знайшоў аднадумцаў (экс-«сузорца» Уладзіміра Пучынскага, шэфа фірмы «Каўчэг» Юрыя Цыбіна) ды заснаваў адмысловы лэйбл «Global CD» і выдаў сьпярша зграбны двайны альбом «Музыка Беларусі ХІХ стагодзьдзя», падрыхтаваны Дзяржаўным музэем гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі (нішто сабе пачатак?!).

Ужо на першай прэзэнтацыі гэтага выданьня 31 травеня 2008 году на вялікім сьвяце ў сталічным Лошыцкім парку высьветлілася, што праект апынуўся ня проста патрэбным, але й прагна чаканым многімі. Яго расхоплівалі ня толькі палымяныя патрыёты з шэрагаў БНФ ці ТБМ, а часам і звыклыя рускамоўныя грамадзяне нашай дзіўнай двухмоўнай краіны, у якой праблемы не з чужымі мовамі, а акурат з сваёй роднай. І адкуль узяўся той неверагодны ўсеагульны патрыятызм?

Ды проста праґрама новага 2 CD альбома была складзена надзвычай пільна адмыслоўцамі вышэйшае клясы (на чале з доктарам мастацтвазнаўства, прафэсарам Вольгай Дадзіёмавай), дый выканаўцы падабраліся адпаведныя: знакаміты опэрны барытон Віктар Скорабагатаў, піяністы Ігар Алоўнікаў і Ганна Каржанеўская, скрыпач Леў Гарэлік, акадэмічны хор Віктара Роўды, камэрная аркестра Валерыя Сарокі, хор «Залатая горка» Сьвятланы Шэйпы, розныя камэрныя й сімфанічныя аркестры ўзроўню міжнароднае клясы… А ўсё гэта, натуральна, прадугледжвае й рэпертуар падобнага ўзроўню. Ці ёсць такі ў цалкам беларускім матэрыяле?

Ужо сьпіс творцаў, уключаных у альбом, інтрыґуе найдасьціпнейшых адмыслоўцаў клясычнай музыкі. Найперш кідаюцца ў вочы імёны сусьветнай славы: Міхал Клеафас Агінскі, Станіслаў Манюшка, Напалеон Орда, Антоній Радзівіл, Канстантын Тызенґаўз. Хто сумняваецца ў дастатковай славутасьці некаторых, той зможа адкрыць тут, у зьмястоўным буклеце, што беларускаму кампазытару Антонію Радзівілу «тэкстуху» пісаў ня хто іншы, як сам Ёґан Ґётэ. Ды сябравалі хлапчукі ў гады рок-н-рольнай маладосьці, калі наш Антоній на запрашэньне прускага караля пераехаў зь Нясьвіжа ў Бэрлін. І ня толькі з Ґётэ ён сябраваў, але й як мэцэнат асабіста падтрымліваў Фрэдэрыка Шапэна, які разам з Бэтховэнам, Мэндэльсонам і Шыманоўскай прысьвячалі яму свае творы. Во быў тусьнячок у нашых продкаў, ня тое што нашае посткалгаснае сёньня.

Але імі не замыкаецца прывабны арэол праґрамы, бо шмат беларусаў ведае пра кампазытарскі дар дачкі славутага драматурґа Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, дык вось знойдзеце тут некалькі інструмэнтальных твораў Камілы Марцінкевіч. Дый хіба не закранае рамантычных пачуцьцяў беларускага мэлямана таямнічая творчасць такіх нашых музычных ґеніяў, як Мечыслаў Карловіч, Караль Ельскі, Восіп Казлоўскі, пра якіх мы нешта чыталі, але нічога ня чулі. Дык вось вам тут музыка тых, здзяйсьненьнямі каго можна ганарыцца ня менш за розных падсунутых нам у куміры чужынцаў. Вунь хаця б самы невядомы зь іх – Восіп Казлоўскі – быў ня кім іншым, як настаўнікам музыкі Міхала Клеафаса Агінскага (і ня слаба ж навучыў сусьветнага ґенія!).

Ободва дыскі гэтай канцэптуальнай складанкі даволі шчыльна (па 70 хвілінаў кожны) нашпігаваны шэдэўрамі беларускай клясычнай музыкі мінулых стагодзьдзяў, прадстаўляючы творы ў выкананьні лепшых сучасных прадстаўнікоў нацыянальнай сімфанічнай школы. Ёсць і бяспройгрышныя палянэзы Агінскага (іх некалькі), і мазуркі, полькі ды тыя ж палянэзы іншых кампазытараў (уключна з цэлай сям’ёй Ельскіх), опэрныя партыі, рамансы. Карацей кажучы, клясычны рэпэртуар на любы ґуст.

Вітаўт МАРТЫНЕНКА,

музычны крытык.