Слухай сваё!

Дастаткова вострая «Zatoczka»

«Zatoczka», Мн., 2009, «БМАgroup».

Магілёўскі панк-гурт «Zatoczka», які выдаў дэбютны альбом на сталічным лэйбле «БМАgroup», настолькі вядомы сваімі фрывольнымі закідонамі, што прыпіска на вокладцы «Увага! Ненарматыўная лексіка» ўспрымаецца многімі як назва альбома, бо ніякіх іншых надпісаў там не назіраецца. Затое gruppen-foto шасьцярых мужыкоў у чырвоных кашулях на тыльніку й разгортцы буклета, пацьвярджае тое самае фрывольства. Ну як жа: кашулі ёсць, а штаноў няма! А ў некаторых і шкарпэткі ў недакамплекце. І, тым ня менш, назвы альбом зусім ня мае. Проста дэбютнік. Затое такі вясёлы!

Адразу варта папярэдзіць, што ненарматыўная лексіка ў альбоме сапраўды ёсць, але выкарыстоўваецца яна не дзеля вострага пустаслоўя, як колісь у гурта «Сам процесс», а дзеля стварэньня адэкватнага мастацкага вобразу. І нават занадта фрывольнае слоўца віртуозна замяняецца ў рыфму слушным словам «хлусьня», замест якога хуліґаны чуюць зусім іншае.

Зрэшты, вядомы гурт ня толькі фрывольствам, але й цудоўнымі запамінальнымі песьнямі, вострымі й энэрґетычнымі мэлёдыямі, якія публікаваліся раней на складанках «Не заганяйся’2» («Ваня»), «НезалежныЯ» («Пра футбол»), ствараючы пазнавальныя гітавыя вехі тым CD, а сабе – інтрыґу для будучых фанаў. І гэта спрацавала, бо публіка, зачаканая такіх шчырых праяваў здаровага гумару, сапраўднага парадыйнага сьвербу, спампоўвала альбом з інтэрнэту яшчэ перад запускам у тыраж, а на першых канцэртах, дзе зьяўляліся сыґнальныя асобнікі будучага рэлізу, раскупляла іх як надзейна апрабаваны тавар.

Але пераказваць тую весялуху ня буду, бо найперш напрошваюцца ў гэтай рэцэнзыі пэўныя сацыяляґічныя назіраньні, праз якія я назваў бы гурт «Zatoczka» дасканалым зрэзам сучаснага маскультаўскага досьведу беларускай нацыі, які сьведчыць не пра спробы дапасаваньня нашых традыцыяў да зьменлівых формаў сусьветнага маскульта, як робяць гэта шматлікія прадстаўнікі беларускага фольк-мадэрну й нью-эйдж, а пра жывы культурніцкі досьвед, што адлюстроўвае рэчаіснасць сёньня на сёньня. Таму кожная песьня тут – ня мёртвыя схэмы пра сонейка на небе днём і цёмную ночку перад сном, а шчырае сумоўе пра перажытае кожным з нас. І не дасягнеш таго без пераасэнсаваньня вопыту папярэднікаў. А «Zatoczka» пераасэнсоўвае менавіта нацыянальны вопыт папярэднікаў, калі ў адной з песень нават клясывчны выраз «Punks Not Dead» трансфармуецца ў жывую ды родную сэнтэнцыю «панкі не паміраюць!» Рыфмы тут бездакорна давяршаюць працэс адаптацыі й пашпартызацыі новага грамадзянства гэтай высновы:

Вылезем са скуры,

Падстаўляйце пысы, курвы.

І пляваць, што за гэта

Зноў пагоняць з флэта,

Бо яны не даганяюць:

Панкі не паміраюць!

Асабістага аптымізму мне дадае й факт вызваленьня «Zatoczki» з кола нацыянальных імпатэнтаў, якія хочуць сьпяваць па-беларуску, але зарыфмаваць нічога сэнсавага ня могуць, толькі кшталту «Беларусь/ганарусь», «нас/шчас», «люблю/не люблю». Дык вось панкі гурта «Zatoczka» наадварот – ня проста валодаюць дастатковым слоўнікавым запасам роднай мовы, але й ваш баґаж здольныя ўзбагаціць. Напрыклад, як бы вы назвалі фаната футболу на матчы? Ну пэўна ж «балельшчыкам», які чамусьці «хварэе за сваю каманду» (ну не балеюць у нас, факт!). А вось «Zatoczka» адшукала цалкам адпаведнае слова «заўзятар» і віртуозна зграмыздала ад яго дзеяслоў:

Бел-чырвона-белы сьцягі

Па-над трыбунамі расьцягнем –

Будзем мы заўзець за Беларусь.

На спробу аспрэчыць такі нэаляґізм запытайце: раз праектар можа праектаваць, дыктатар – дыктаваць, дык чаму заўзятар ня можа заўзець? І нават факт прызнаньня такога наватвору жарґонам не аспрэчыць ісьціны, што жарґон гэты сыходзіць ня з чужынскай, а з сваёй крынічкі. Зь беларускай.

Яшчэ раз згадваючы ненарматыўную лексыку, не магу не падзівіцца, што менавіта такой лексыкай напісана й песьня «Пра каханьне». І захоўвае пры тым шляхетнасць ды інтэліґентнасць. Бо такая яна, «Zatoczka», інтэліґентная: трубач Павал, бубнар Максім, сьпеўны ґітарыст Ільля, яшчэ адзін Ільля-трамбаніст, басіст Сяржук ды чарговы Максім на вакале.

Па шчырасьці, калісьці мяне бянтэжыла духавая сэкцыя ў рок-гурце, але парадыйны настрой задзірыстых песень «Zatoczkі» дазваляе забыць на памылковыя прымхі, з захапленьнем ловячы выразны мэлядыйны зьдзек песень «Шэрыя», «Word Up», «Слова», «Праўда». Апошняя, дарэчы, ніяк не падпадае пад цытаваньне, бо прысьвечана Рыгоркінаму сынку, які пэўна ж ня любіць праўды. Але галоўнай тэмай дэбютніка ён ня стаў, бо на тым мейсцы – усё нашае жыцьцё з сэрыяламі ды вычварэнствамі («Вам»), з перавагай чужацтва над патрыятызмам («Ваня»), з прагай здаровай помсты («Заточка»). Ёсць, як бачыце, і песьня-візытоўка гурта, дзе злыя вобразы («Я не жадаю вам здохнуць, самі здохніце») падкрэсьлівае жорсткая панкаўская аранжыроўка, а духавая сэкцыя вяртае жартаўлівы настрой.

Асобная згадка напрошваецца пра твор «Слова», дзе маецца на ўвазе злое слова з трох літар, але ня тое, што вы падумалі. Калі на пахаваньне розным людзям замаўляюць розную музыку – каму «Adagio» Тамазы Джавані Альбіоні, каму нейкі з маршаў Фрэдэрыка Шапэна, дык вось каб мне выпала замаўляць апошні марш сабе, быў бы рады адправіцца ў апошні шлях пад «Слова» гурта «Zatoczka», якое цалкам адпавядае роспачным пачуцьцям заўзятага рок-н-рольшчыка.

На завяршэньне варта зьвярнуць увагу на мастацкую аздобу альбома, бо яна выразна вылучаецца з усіх папярэдніх традыцыяў арыґінальным падыходам. Нешта накшталт кадра зь лялечнага фільму, дзе ў галоўных ролях міліцыя, а ўсё астатняе – лялькі для іх. Аўтарам гэтак адэкватнага вырашэньня зьместу альбома выступіў Андрусь Чысьцякоў, выкарыстаўшы й фоткі Яўґена Быка.

Вітаўт МАРТЫНЕНКА,

музычны крытык.