У выходных зьвестках дадзенага альбому,
выпушчанага кампаніяй «НМК» ў
форме стылёвага 3-счыннага digipak’у з 16-старонкавым буклетам, не хапае хіба імя
выканаўцы, якому падуладны той складаны музычны інструмэнт – арґан. Дый
рэпэртуар, які можа ґарантаваць пэўнае эмацыйна-настраёвае багацьце. І тут нам
ёсць чым супакоіць слухача, бо на дыску Ксэнія Пагарэлая, салістка канцэртовай
залі Сафійскага сабору ў Полацку, музыка вышэйшае клясы, якая праходзіла
стажыроўку ў вядомых прафэсараў Гамбургу й Амстэрдама, лаўрэатка Міжнароднага
фэстывалю «Магутны Божа’93», арґанізатар з 1996 году міжнароднага фэсту «Званы
Сафіі» ў Полацку, выкладчыца кафэдры спэцыяльнага фартэпіяна ў Беларускай
Акадэміі Музыкі, выконвае такаты й фуґі вялікага немца Ё.С.Баха, рамантычныя
творы фларэнтыйскага сярэднявечча Дж. Качыні, больш позьнія (рубяжа ХІХ-ХХ
ст.) Л. Бёльмана й Ш.М. Відора, сучаснай беларускай кампазытаркі Г. Кароткінай.
Чытаць далей…
Асноўныя лідэры й адраджэнцы нацыянальнай
бардаўскай песьні ўжо даўно прапісаліся ў
CD-сэрыі «Беларускі музычны
архіў» (Сяржук
Сокалаў-Воюш, Віктар Шалкевіч, Эдуард Акулін), а вось Алесь Камоцкі чамусьці
заставаўся ўбаку ад плённай ініцыятывы лэйбла «БМАgroup». Заставаўся, ды не застаўся, бо ў 2009-м, да
50-годзьдзя артыста, у названым цыкле выйшаў маштабны збор чароўнай раньняй лірыкі
пад кранальныя акорды акустычнай ґітары, які раней выдаваўся толькі на касэтах
або кружэлках-самарэзах. Дык вось ён, перад намі, паўнафарматны фірменны CD-рэліз Алеся Камоцкага «Песьня як жыцьцё». Сапраўдны greatest hits,
досьвед усяго жыцьця. Прэзэнтацыйны канцэрт гэтага CD пройдзе ў дольнай залі сталічнага касьцёлу Сымона й Алены
29 чэрвеня 2009 г.
Чытаць далей…
«Rock-&-troll»
з чароды тых дэбютных альбомаў, якога публіка чакала зь першых канцэртаў
новастворанай адзінкі. Дый балазе, бо касьцяк гурта «LitvinTroll»
склалі вопытныя музыкі з трывалым досьведам працы ў такіх славутых калектывах,
як «Стары Вольса», «Partyzone». А канкрэтна гэта Андрэй Апановіч (вакал,
дуда, жалейка, цыстра), Сяргей Тапчэўскі (бубны, бэк-вакал), Васіль
Верабейчыкаў (дуда, жалейка, флейта), Алесь Савянок (ґітары), Алег Клімчанка (бас), Дзяніс Вячэрскі (клявішныя, акардэон,
бэк-вакал). Сьпярша гурт і ўспрымаўся як «Стары Вольса» зь ґітарным дамешкам, але з прыходам у склад яшчэ й
партызонаўскага вакаліста (праўда, на ролю інструмэнталіста) ды басіста ўзьніклі
сумненьні, да чаго больш схільны «LitvinTroll» – да
індастрыэла ці мэдыевальнай музыкі. І вось дэбютны альбом растлумачыў усё.
Чытаць далей…
Вось ён, юбілейны дыск лэйблу «БМАgroup» – CD-BMA-100 (гл. зноску й фотку). Кажучы шчыра, на прэзэнтацыі
гэтай кружэлкі ў к/з «Менск» я апынуўся выпадкова, бо лічу больш важнымі ня
сотні разоў перасьпяваныя песьні нашых бабулек, а творы рэальнага сучаснага
сумоўя. Але шкадаваць не давялося, бо «Джамбібум» выявіўся ня проста «музыкай
станоўчых эмоцыяў», як яны самі сябе пазыцыянуюць, а насамрэч прадэманстраваў высокі
прафэсыяналізм і нестандартны падыход да творчасьці. Гэта адна зь нямногіх
каманд Беларусі, якія не абмяжоўваюцца добрым выкананьнем песень, а вынайшлі
сабе рэальна непаўторны гук, які яшчэ шмат хто будзе капіяваць потым.
Чытаць далей…
Гурт
«Unia» адзін з наймалодшых на беларускім музычным рынку (утварыўся
ўлетку 2006-га), але мае ў актыве прыкметныя творчыя дасягненьні: прэзэнтацыя
дэма на радыё «Сталіца», удзел у тэлепраекце «Музычны play-off», у
інтэрнэт-плебісцытах ды рок-фэстывалях, сярод якіх найбольш значнымі сталі ў
2007-м прызы прэстыжных фэстаў «БАСовішча» і «Рок-Кола» (на абодвух «Unia»
заняла трэцяе месца, а з Полацку прывезла яшчэ й Прыз глядацкіх сымпатыяў). Галоўным
пераможцам гурт стаў на сталічным студэнцкім рок-фэсьце «Такія пернікі» ды
падпісаў кантракт з лэйблам «БМАgroup» на выпуск першага альбому, які атрымаў назву
«Долам» (2008).
Чытаць далей…
Разглядаючы зграбны digipak CD-альбому «Новае неба Станіслава Манюшкі»,
прыгадваю часіны свайго савецкага юнацтва, калі, захапіўшыся музыкай, заходзіў рэґулярна
ў буйнейшую на ўсю рэспубліку краму «Беларускі Дом Ґрампласьцінак» у Менску.
Чаго там толькі ні было: амэрыканскі джаз, італьянская эстрада, польскі ды
часам і брытанскі рок, неўміручая эўрапейская клясыка… Але не падумайце, што малюю штучны рай беларускага
мэлямана, бо акурат беларускага там не было нічога – ні ў джазе, ні ў року, ні
ў клясыцы. Хіба ў разьдзеле фальклёру можна было нешта адшукаць. І ўжо тады я
задумваўся: што ж мы за народ такі, раз ніякага сьледу на зямлі не пакідаем?..
І мо так бы й паверыў у наш мёртвы дух, каб выпадкова на выставе польскіх
кружэлак ня трапіў у рукі дыск нейкага замежнага ґенія Станіслава Манюшкі. І на
маю юначую галаву пасыпаліся пытаньні…
Чытаць далей…
Усялякі
вытвор масавай культуры толькі тады прэтэндуе на посьпех, калі мае пэўныя
зваблівыя заманухі – зорныя пэрсаналіі выканаўцаў, прэстыжныя імёны аўтараў ці
хоць нейкія жанравыя надзвычайнасьці. Калі выдаўцы даслалі мне на рэцэнзыю
першы фірменны CD, датаваны 2009-м годам, – «Вясковая лірыка», я
зьдзівіўся не на жарт, спасьцярогшы поўную адсутнасць усіх названых рэквізытаў:
«Чым жа слухача заманьваць будзеце?». Мімаволі падумалася: «А мо й няма да чаго
заманьваць?» І ўсё ж пэўную інтрыґу прынёс сьціпленькі падзагаловачак на тыльнай бачыне вокладкі: «Рамансы,
дрындушкі». Ведаючы, што мэнэджэр Арына Вележ дрындушкамі называе частушкі, я
міжволі засяродзіўся на першым азначэньні, чакаючы вартасны працяг несьмяротных
рамансавых традыцыяў Міхася Забэйды-Суміцкага, Пётры Конюха, Сяргея Шулькі,
сучаснай зоркі беларускіх рамансаў Тацьцяны Матафонавай. Но не тут то было,..
бо ў беларускім праекце Арыны Вележ не знайшлося мейсца ні беларускім
традыцыям, ні мове беларускай. Адзіным аналяґам такой творчасьці ў нас быў
бы хіба «Народны
альбом», каб «Вясковую лірыку» не пазбавілі галоўнай ягонай прывабы –
парадыйнага настрою. Найбольш адэкватным гандлёвым брэндам такога вытвору стане
падзагаловак «Каляніяльны совпролеткульт».
Чытаць далей…
Сярод
мноства камэрцыйных складанак беларускай папулярнай музыкі зьвяртае ўвагу й ініцыятыва
суполкі «StudFarmat», якая выдала ўжо два
выпускі харытатыўнай сэрыі «Не заганяйся», прызначанай для азнаямленьня
студэнцкага асяродзьдзя з тымі музычнымі зьявамі Беларусі, якіх не пачуеш на
радыё, ня ўбачыш па тэлебачаньні («Mauzer», «Глюкі», «Unia»,
«МясцовыЯ», «Джамбібум»), хоць іхнімі творамі
поўняцца ўсе нефармальныя гіт-парады краіны. Вось і другі выпуск
складанкі «Не заганяйся» (апошні на гэты час) можна назваць крыніцай найбольш
актуальных музычных адкрыцьцяў Беларусі. Пра крыніцу й пагаворам.
Чытаць далей…
Менскі гурт «zIGZAG» (адзін з герояў кнігі
«222 альбомы беларускага року», гл. стар. 24, 53, 89-90, 302, 323, 404-6, 420)
увайшоў у нацыянальную плынь маскульта адметным замесам нэа-рамантычнага стылю.
Цераз памкненьне стварыць аб’ёмную настраёыую палітру з дапамогай электронных
клявішных інструмэнтаў яго нават пэўны час называлі «беларускі DEPECHE MODE», дый выступаў ён у
трыб’т-канцэртах на гонар знакамітых брытанцаў. Але пасьля другога альбому «Тры
расейскія літары» з схільнасьцю да ґітарных мэтал-пасажаў, да панкаўскага
фрывольства, стаўленьне фанаў раздвоілася… Тым ня менш першы альбом «Bionic@»
так і застаўся ўзорам красамоўных музычных вобразаў, на якіх нават настаўнікі
маляваньня вучаць у беларускіх школах дзяцей абстрактнаму мысьленьню.
Чытаць далей…
Хоць лідэр гурта «zIGZAG» Ігар Загумёнаў заўсёды падкрэсьлівае,
што ягоная другая кружэлка «Тры расейскія літары» не зьяўляецца альбомам, цяжка
залучыць яе й да сінґлаў, бо напоўнена яна музычным матэрыялам пад завязку:
паўнафарматная ажно на 50 хвілінаў праґрама аудыётрэкаў, 28 хвілінаў
відэаматэрыялаў, дзе ёсць і вартасныя кліпы, і рабочыя канцэртовыя здымкі.
Акрамя таго хапіла на дыску месца й для калекцыі фотак гурта, і для тэкставага
файла маштабнай гісторыі калектыва. Не хапае толькі выразнай канцэпцыі, але
факт: гэты рэліз сьмела можна было б назваць «zIGZAG» – «Greatest Hits», бо насамрэч сабрана
тут усё лепшае, хоць на папярэдні альбом «Bionic@» ніяк не падобнае.
Чытаць далей…