Што лепш: запаздалы Cooper ці вечная Арсеньнева?
30 чэрвеня, пакуль у менскім Палацы Спорту надзвычай запаздала куралесіў кароль шок-рока 70-х Alice Cooper, дольная заля сталічнага Чырвонага касьцёлу бітком набілася прыхільнікамі таленту іншай амэрыканскай гадаванкі – на ўсе часы выдатнай беларускай паэткі Натальлі Арсеньневай, да 105-годзьдзя якой лэйбл «БМАgroup» выдаў у сэрыі «Беларускі музычны архіў» паўнафарматны альбом новых песень на ейныя вершы «З крывіцкай сям’і» (CD BMA 112). Дый што дзівіцца, калі ў афішы гэтай прэзэнтацыі былі пазначаны такія знакамітыя імёны, як Алеся Ўнукоўская, Ян Жанчак, гурты «P.L.A.N.», «zIGZAG» ды іншыя, а ў праґраме кружэлкі прываблівалі й яшчэ больш значныя куміры публікі – Данчык, «Сузор’е», «Kriwi».
Прызнацца, рэалізацыя кружэлкі Натальлі Арсеньневай распачалася яшчэ напярэдадні тае прэзэнтацыі, калі ў той самы «Беларускі музычны архіў» трапіў бард Алесь Камоцкі, таму ў залі апынулася й шмат ягоных фанаў (аналіз абодвух дыскаў тут, у рубрыцы «Рэцэнзыі»). Але асабліва прыемна было спазіраць наплыў нейкай зусім новай публікі, якая шчыра рэагавала на разнайстайнасць беларускай папулярнай музыкі, што зусім не падобна на мёртвыя схэмы, раскатваныя штодня па тэлебачаньні. І вось першым на сцэну тэатральнай залі касьцёлу св. Сымона й Алены пасьля выдавецкага прадстаўленьня сэрыі выйшла Наста Карпоўская з сваім арт-рокавым гуртом «РоСтра»… І хоць іхняя арсеньнеўская песьня была сустрэта даволі прыхільна, не скажу, што маштабныя формы сімфанічных рок-паэм іншых твораў адразу зразумелі слухачы. Вядомы дасьледчык творчасьці Францішка Багушэвіча і тэлевядоўца Ўладзімір Содаль, які прысутнічаў у залі, выказаў нават подзіў гукавым вычварэнствам на сцэне, і толькі на маю параду дачакацца рэальнага караля мэлёдыяў Андрэя Плясанава застаўся ў слушных спадзяваньнях. А я шкадаваў, што так і не змагла выступіць Алеся Ўнукоўская, якая на дыску «З крывіцкай сям’і» зусім іначай інтэрпрэтавала верш «Я ішла».
Затое экс-вакаліст мэтал-гурта «Triada» Ян Жанчак, у якога цяпер свой гурт «In Search For», раскатурхаў усіх настолькі, што многія выбягалі ў калідор шукаць у гандляроў альбомы «In Search For». І знаходзілі, дзе таксама апублікавана ўжо арсеньнеўская песьня «Пій да дна», якая й прагучала ў Янавым сэце разам з мэлядычным трэкам «Каханьне», старым мэтал-гітом «Мы з вамі» ды песьнямі з іншых трыб’ютаў «БМАgroup», зь якіх найбольш запомнілася «Сьцежка» на вершы Ларысы Ґеніюш.
Акустычнай вэрсыяй свайго электра-попс гіта «Ты мой родны край» гурт «zIGZAG» зьдзівіў нават мяне, бо ніякага падабенства з альбомным трэкам, а тым больш з кліпам, які трапіў у ратацыю многіх тэлеканалаў (праўда, на інґліш). А ў залі Ігар Загумёнаў выканаў яго ўвогуле на дзьвюх мовах, што ў гэтым хаўрусе спадабалася ня ўсім. І нібыта загладзіў казус заўсёды дарэчны ґеніюшаўскі «Кастрычнік/Нейк сумна», песьні на вершы С. Новіка-Пяюна, але калі Ігар перайшоў да сваіх панкаўскіх вычварэнстваў пра Пімена Панка і Максіма Панка, не стрывалі чалавек зь дзесяць і дэманстратыўна пайшлі на выхад. І хоць арґанізатары пераканалі іх не сьпяшацца, бо ўсё лепшае яшчэ наперадзе, адна дамачка так і пакарала сябе самаахвярна, бо паддалася мітусьлівым крыўдам. Ды пэўна хацела вярнуцца, калі да сходаў даносіліся выразныя ноткі Плясанаўскага голасу ды ягоных чароўных мэлёдыяў, але гардыня не дазволіла. А менш ганарыстых «Сонца залатое» гурта «P.L.A.N.» на вершы Арсеньневай вельмі хутка вярнула на мейсцы, і ў залі ўвогуле стала цесна. Былі й шмат іншых песень пераважна з акустычных альбомаў цыклю «Piosenki samotnego lićwina», якія потым і сталі рэкардсмэнамі продажу (пасьля аўтарскай кружэлкі Натальлі Арсеньневай, зразумела). Прагучэў і рэдкі на канцэртах беларускі кавэр «Lady In Black» Кэна Гэнсьлі.
Плясанаў, дарэчы, адразу абвесьціў, што ня зусім правільна лічыць чалавека бардам, калі ён жыве рок-н-ролам, таму прадставіць сваю праґраму ў дзьвюх вэрсыях – акустычнай і рокавай. З дзесятак аўтарскіх гітоў (у тым ліку й знакамітая «Шынкарачка», «Люстэрка лёсу», «Ранішнія адчуваньні») прагучалі пад мінусоўку ў складзе паўнавартаснага рок-бэнда, а працягваў Плясанаў усё ж як бард, прасьпяваўшы пад акустычную ґітару «Анна-Марыя», «Два шляхі», «Русалчын вэлюм», і сэт свой завершыў пад татальныя авацыі.
Публіка доўга бісавала, выгукаючы сэнтэнцыі кшталту «Ну які голас! Ну якія мэлёдыі яркія!», «Вось калі я насамрэч паверыў, што Плясанаў – сьпявак ад Бога». І так бы працягвалася доўга, але арґанізатары абвесьцілі слушную прапанову: «А давайце ўсе разам акапэльна засьпяваем на разьвітаньне гімн "Магутны Божа", якім Арсеньнева адгукнулася на сьмерць сына пасьля выбуху ў менскім тэатры 1942 году». І ўсе засталіся на сваіх месцах (Плясанаў на сцэне, Супрановіч і рэжысэр Сяржук Патаранскі ў партэры, гледачы ля сваіх крэслаў стоячы), ды загучаў гімн.
Ня ведаю, як там адцягнуліся фаны Эліса Купэра, але гутаркі пра цудоўны беларускі канцэрт у Чырвоным касьцёле яшчэ доўга чуліся ў навакольных аўтобусах, тралейбусах, мэтро.

На здымку: «zIGZAG» – найбольш скандальны ўдзельнік імпрэзы.
Вітаўт МАРТЫНЕНКА.

