Што для Камоцкага юбілей, для Кулягіна ўдалы старт
З новых кружэлак CD-сэрыі «Беларускі музычны архіў», якая налічвае ўжо добры дзесятак выданьняў, першым выпала прэзэнтаваць свой рэліз Алесю Камоцкаму, пачынальніку адраджэньня нацыянальнай плыні бардаўскай песьні ў Беларусі, аўтару першых беларускіх караоке-праектаў, а, як высьветлілася з новай кружэлкі «Песьня як жыцьцё» (CD BMA 113), яшчэ й аўтару тэкстаў для многіх сучасных зорак эстрады (Зьміцер Вайцюшкевіч, Ларыса Грыбалёва, Стэфан, ансамбль «Неруш»). Дык вось 29 чэрвеня выдавец і арґанізатар канцэрту – лэйбл «БМАgroup» – вырашыў ня проста ўшанаваць знакамітую зорку бардаўскай песьні да юбілею (а Камоцкаму ж нядаўна споўнілася 50 гадоў), але й адкрыць новае імя. І такім імём на гэтым канцэрце стаў магілёўскі бард Сяржук Кулягін, які зусім нядаўна выпусьціў на «БМАgroup» свой дэбютны альбом «Срэбны дождж» (CD BMA 102).
Пра ўдалы выбар кампаньёнаў па сцэне сьведчыла хаця б бітком набітая тэатральная заля касьцёлу св. Сымона й Алены ў Менску. Але й адчуваньне публікі ў залі апынулася надзіва адзінадушным, бо Сяржук Кулягін, які выступаў на разагрэве публікі перад Алесем Камоцкім, аказаўся ня менш кранальным лірыкам дый проста фэерычным чалавекам. Ведаючы, як у нас цяжка ў рэґіёнах зь беларускімі дыскамі, я не зьдзівіўся, спанатрыўшы Сяржука пасьля свайго сэту ў мітусьні вакол музычнага кіёску. І прыемна было заўважыць ягоны выбар, бо тое, што найперш яго прывабілі альбомы Данчыка, Вальжыны Цярэшчанкі, бардаўскія складанкі «Вольныя песьні», сьведчыла пра цэльнасць і шчырасць гэтай асобы.
А Камоцкі тым часам расказваў сваім прыхільнікам пра плянуемыя надалей музычныя рэлізы, нагадваў этапы свайго вялікага бардаўскага шляху. І хоць прагучалі ня ўсе гіты ягонай біяґрафіі, але публіка атрымала дастатковы эмацыйны ладунак. Ды ўвогуле канцэрт апынуўся рэдкай выспачкай цудоўнага музычнага рэлаксу для шчырых беларусаў. Нядзіва таму, што й заля была паўнюткай, а мне асабіста прыемна было сустрэць там ня толькі сталых прыхільнікаў беларускай песьні, але й суседзяў з нашай вуліцы, а нават і колішніх школьных аднаклясьнікаў, якіх зусім не чакаў тут сустрэць. Неяк мімаволі падумалася: «А ці ў тым ня Божы знак прадчуваньня яднаньня беларускага народу?» Бо адбывалася ўсё ў сьвятых сьценах сталічнага Чырвонага касьцёлу.

Вітаўт МАРТЫНЕНКА,
музычны крытык.

