Надзвычай «P.L.A.N.»авы тыдзень

Адметнай рысай беларускага музычнага руху, бадай, так і застаецца стыхійнасць: то густа, то пуста. Дык вось калі 19 чэрвеня я з радасьцю апынуўся сярод гасьцей навуковай канфэрэнцыі да 1000-годзьдзя тапоніма Літва, што праходзіла ў Акадэміі Навук Беларусі, дзе я прадстаўляў шаноўнай грамадзе акурат музычную плынь літуанікі: важкую дыскаґрафію ансамбля аўтэнтычнага фальклёру «Ліцьвіны», цікавыя напрацоўкі маскульта ў сфэры страчанай тапанімікі ад «Kriwi», «Guda», цыкль акустычных альбомаў «Piosenki samotnego lićwina» вядомага рок-гурта «P.L.A.N.», дык апынулася, што акурат прамінуў жывы канцэрт гурта «P.L.A.N.» на радзіме Быкава ў той самы дзень. І можна было б шкадаваць, хоць абодва мерапрыемствы прайшлі з надзвычайным посьпехам, якім мы й дзяліліся наступным ранкам з Андрэем па тэлефоне, але якраз у тую нашу размову ўклініўся нехта трэці, які запрасіў Андрэя Плясанава выступіць з 14.00 да 15.00 гадзін у перапоўненай залі Палаца Культуры МТЗ.
Запрашэньне было нечаканае, але абодвух нас надзвычай зацікавіла. А ў той час у тым палацы было й плянавае пасяджэньне Менскага Клюбу філяфаністаў, і зьезд БНФ, і нейкі канґрэс дэмакратычных сілаў эўрапейскай арыентацыі (дзякаваць Богу, памяшканьняў хапае).
Акурат у прызначаны час між плённымі пасяджэньнямі ўсё ж зрабілі перапынак усе, і на сцэну вялікай залі выйшаў Андрэй Плясанаў. А заля адразу апынулася перапоўненай, бо падцягнуліся й філяфаністы, і канґрэсмэны, і фронтаўцы. Не абыйшлося й без палымяных БРСМаўцаў, якія занялі першы шэраг і спрабавалі блазнаваць паміж песьнямі. Маўляў, «а нам не падабаюцца такія песьні», калі Андрэй пад гучныя аплядысмэнты залі выконваў свае каронныя гіты «Наша спадчына», «Даміно», «Рабы і воля», «Цені гісторыі», «Два шляхі», «Песьня Случчака». Здаецца, можна было б і пакрыўдзіцца, але Андрэй, як заўжды, толькі дзівіў усіх парадоксамі:
«Ды мне самому, – кажа, – не падабаецца сьпяваць пра ўсялякае быдла, але пакуль яно ёсць – даводзіцца. І таму апошняй я засьпяваю песьню, якая мне найбольш не падабаецца: "Калі станем людзьмі", дзе акурат пра нашу сьветлую будучыню».
І найбольш выразна прагучаў куплет, які акурат адсутнічае на дыску «Зьніч надзеі»:
Калі станем людзьмі, больш ня будзем сьвіньнямі,
Што Радзімы ня маюць, па вушы ў гаўне,
Дзе ядуць, там і серуць, дзе стол, там і яма,
А хто памяць ня страціў, той тоне ў віне.
Аглушальныя авацыі, у якіх цалкам патанулі тыя згаданыя блазны, сталі фіналам гэтага імправізаванага выступу, а публіка (менчукі, магілёўцы, гамяльчукі, аршанцы) кінуліся да музычнага шапіку, разграбаючы дыскі гурта «P.L.A.N.», кнігі пра яго, складанкі зь ягоным удзелам. Было й нямала здымкаў на памяць з Андрэем, куды мімаволі трапіў і я, як не артыст, дык хоць як аўтар тэкстаў. Былі й аўтоґрафы нашым шчырым новым фанатам і фанаткам.
Вітаўт МАРТЫНЕНКА,
музычны крытык.
Фота А.Мяльґуя.

