«Купальскае кола» ў безупынным руху
Як бы іранічна ні ставіўся я да пэўных зборных канцэртаў, якія пампезна клічуць фэстывалямі, але ініцыятыва лэйбла «БМАgroup» пад назвай «Купальскае кола», відаць, ніяк не правакуе тую самую іронію. Па-першае, гэтай традыцыі ўжо тры гады, дый праводзіцца яна з зайздроснай рэґулярнасьцю акурат у патрэбны час – на старажытныя купальскія сьвяты. А сьвята – гэта ж і ёсць фэст у іх там, за бугром. І вось 26 чэрвеня ў менскім клюбе «Рэактар» прайшоў чарговы фэст «Купальскае кола», які сабраў аж надта разнастайную публіку з Наваполацку і Менску, Магілёва і Гомеля.
Пра разнастайнасць я загаварыў з-за пачутай гутаркі клюбных сэк’юрыты, якія сьпярша па тэлефоне дзяліліся з сваімі сябрамі ўражаньнямі накшталт «А ў нас тут нейкая надта незвычайная тусьня сабралася, што не разбярэш – ці то фольк, ці то рок», а потым захоплена мяняліся з саслужбоўцамі мейсцамі, каб хоць краем вуха паслухаць той ці іншы гурт.
Распачаў фэст гурт «Guda», архаічныя абрадавыя сьпевы якога раскатурхвалі фанаў і рок-музыкі, і народнай творчасьці. А тое, што публіцы спадабалася, відно было хаця б зь мітусьні вакол музычнага кіёску, дзе абодва альбомы «Guda» зьніклі хвілін за пятнаццаць, а людзі, запытаўшыя яшчэ чагосьці падобнага, адкрывалі для сябе старыя й новыя альбомы «Ліцьвіноў», «Старога Вольсы», «Osimira».
Але ня думайце, што гэта быў менавіта такі фолькавы хаўрус. Я б сказаў, што пераважна мэталёўцы, за якімі даўно прыкмячаю вельмі разнастайныя ґусты: іх цікавіць і фольк, і фольк-мэтал, і бардаўская песьня, і клясычныя плыні мэтал-музыкі. З аднолькавай цікавасьцю яны разглядалі й куплялі бардаўскія «Вольныя песьні», трыб’ют-альбомы каралям гомельскай школы мэталу «Варта Вежы багоў», блюзава-рокнрольныя альбомы гурта «P.L.A.N.» і модныя кашулькі гардкорыстага «Mauzera». Але былі ў іх і свае куміры: «Imprudence» ішоў нават без удзелу ў канцэрце, а вось «LitvinTroll» ды «Znich» прымусілі адгукнуцца на сваю творчасць нават тых, хто сьпярша казаў «Ну астатняе ў вас, як пагляджу, пераважна цяжкая музыка, мне гэта ня пойдзе». А вось паслухалі, і пайшло. І такая пераканаўчасць жывых канцэртаў ня можа не радаваць.
Асобнай зоркаю «Купальскага фэсту» стала барысаўская каманда «Soncavarot», якая пасьпела і лаўрэатам «БАСовішча» стаць, а паўнафарматнага альбому ўсё ня выдасць. І былі людзі, якія зьбіралі іхнія песьні па розных выпусках сэрыі «Metallection» (а прапісаліся яны ў трох з 4-х CD). Як на маю думку, дык даўно можна было б сабраць хоць прынамсі тыя эпізоды, дадаць іх да першага прома-дэма, зь якім яны трапілі ў кнігу «222 альбомы беларускага року» (стар. 387-388) і задаволіць слухацкі попыт. Бо жалеза трэба каваць, пакуль гарачае.
Зрэшты, згодзен: ня надта лёгка ў нашай краіне, дзе нацыянальны маскульт ня мае ніякіх спонсараў, апанаваць фінансамі на творчы старт нават лаўрэатам прэстыжных эўрапейскіх конкурсаў, таму дзякуем Богу хоць за тое, што маем, што трымаецца на гераічных высілках няўрымсьлівых самотнікаў. І ў гэтым кантэксьце мушу занатаваць апошнюю прыемную згадку «Купальскага кола»: нягледзячы на татальную мітусьню, што віравала вакол музычнага кіёску, арґанізатары пасьля падлікаў прыйшлі да рэдкага балянсу ў капеечку, праз што асабіста мне прыйшло ў голаў параўнаньне з гандлем на завазных канцэртах, дзе зусім нядаўна гандляр не далічыўся аж 300 000 брб. Відаць, крывіч крывіча не пакрыўдзіць, на чым і трымаецца нашая спрадвечная жывучасць сярод хцівых браткоў-суседзяў.
І хоць пакрыўдзіў сваіх фанаў гурт «Пярэварацень», які ў апошні момант адмовіўся выступаць на «Купальскім коле», але публіка нават радавалася, што праз тое павялічыўся сэт больш імянітых куміраў («Znich» і «LitvinTroll», пад якіх усе каўбасіліся да сёмага поту), але дыскі «Пярэваратня» таксама бралі.
«Купальскае кола» ў безупынным руху, дык мо і на «Ґрунвальдзкім фэсьце» 15 ліпеня будзе ня менш станоўчых эмоцыяў для сапраўдных крывічоў?
Вітаўт МАРТЫНЕНКА.

