Слухай сваё!

Эмацыйны ўзьлёт у «Graffiti»

16 чэрвеня зноў пацьвердзілася прапісная ісьціна, што ні на чым ня трэба ставіць крыж. Вось і я пару гадоў таму завязаў зь немаведама якой прычыны з клюбам «Graffiti», доўга ня быў там, а тут сябры ўгаварылі, і пасыпалася процьма адкрыцьцяў. Па-першае, замест занадта прасторнай грымёркі там цяпер даволі прыстойная сцэна. І хоць піва падаражэла разоў  у пяць, але сапраўднае «HardRockCafe» наяве!

Я акурат трапіў на нейкую менавіта цяжкую вечарынку, хоць аднастайнасьці стыляў не назіралася. І калі я, па шчырасьці, чакаў новых праектаў Ігара Загумёнава («zIGZAG», «BlagiMat»), то першае ўражаньне прынёс зусім яшчэ невядомы гурт «Вока» (ня мутнае, а проста «Вока»): яны асьмеліліся граць татальна статычную музыку, але ў ня надта панкаўскай эстэтыцы, і энэрґетыкай проста ўкантавалі залю. Ды плюс яшчэ стылёва спрацаваныя белыя строі. А калі я пачуў тэмы песень кшталту «Вайна», «Мёртвых няма», дык прыгадаў менавіта гурт «Камаедзіца», хоць стылістыка была больш аванґарднай. Але вакаліст – ну як дзьве кроплі вады нагадваў Алега Губіча, хоць мяне пераканалі, што гэта ня ён.

Прыемным адкрыцьцём для мяне стала й каманда «Aeon Noctis», бубнара якой Артура Мартынава памятаў яшчэ з праектаў «Hard LifeHeavy Music» (у трэцім выпуску ён запісваўся з гуртом «Euphoria», потым паспрабаваў сябе ў «Sarcastic Green»). Удала паказаў сябе й на гэтым канцэрце, але яшчэ больш уражаньняў прынёс вакаліст – гэткая фурыя на сцэне, ґроўл якога захоўвае выразную фірменную дыкцыю. Вядоўца распавяла пра нейкі іхні анґламоўны альбом ці то на эўрапейскіх прасторах, ці то на самарэзах (прынамсі тут яго ніхто не прадаваў), але асабіста мяне надзвычайна прывабілі фраґмэнты беларускамоўнае творчасьці. Такі фірменны гук (нешта накшталт праґрэсіў-мэталу), ды яшчэ на роднай мове, мусіць пакінуць сьлед. Да таго ж нават у самім моўным падыходзе вакаліста адчувалася эўрапейская шляхетнасць: беларускія песьні ён абвяшчаў па-беларуску, чужамоўныя – на чужых мовах. Не паручуся за правільнасць назваў, але й тэмы песень былі надзвычай сур’ёзныя: «Пад зоркай праклёнаў», «Пагоня», «Autumn». Апошняя была ня проста пра восень, але й пра Алеся Таболіча, вакаліста «Зьніча», якому ў гэты дзень споўнілася … гадоў. Ну а пра папярэднюю песьню вы таксама правільна падумалі – яна на вершы вялікага Максіма Багдановіча. Колькі ні чуў я інтэпрэтацыяў ґеніяльнага верша ў розных стылях музыкі (ад Данчыка, ад гурта «Крама», ад рэчыцкіх мэталістаў «Apocryphal» з «HLHM’2»), а вось «Aeon Noctis» здолеў пераўзыйсьці экспрэсыяй. Ды яшчэ калі да вакаліста далучыўся калеґа з «Вока», гэты дуэт стаў найярчэйшым успамінам канцэрту.

Але чакайце, да фіналу далёка, галоўныя імёны афішаў яшчэ наперадзе.

«BlagiMat» граў ужо знаёмы мне рэпэртуар пра вялікую матную мову, пра Пімена Панка, пра лёзунґ «піся гарэлка» (з coverяньнем «Крамаўскага» прапева «налівай ды адпівай, выпівай ды падлівай») і вапшчэ пра нейкую «вялікую пісю». Прышпільны імідж я заўважыў яшчэ на канцэрце ў клюбе «Ґудвін», але толькі ў «Graffiti» адчуў эмацыйнае разьвіцьцё гэтага жорсткага панк-дуэта Ігара Загумёнава і Аляксея Яфрэменкі.

Сюрпрызам для многіх стала тое, што калі на сцэну выйшаў гурт «Воўк», дык дуэт застаўся. Яны цяпер разам граюць яшчэ й ґотык-мэтал. І мне, па-шчырасьці, спадабалася – такі аб’ёмны саўнд, напоўнены ўнутранымі эмоцыямі, але пустазвоннае анґламоўе выдавала фармалістаў мастацкай творчасьці: калі вам няма чаго сказаць людзям, а ўпакоўку навучыліся рабіць фірменна, дык мармычыце што-небудзь экзатычнае, і дзесьці вас пачуюць. Кажуць, і ў Менску «Воўк» карыстаецца істотнай увагай, але ў якім-небудзь Шчучыне хутчэй аддадуць перавагу якой-небудзь «Lacrimosa» ці хоць адэскаму «Flёur», якія скарылі прынамсі свой народ. І ўсё ж музыка ў «Воўка» насамрэч цікавая.

Да паўночы каўбасілась поўненькая кафэшка «Graffiti», а пасьля таго я пачуў ад аднаго з арґанізатараў канцэрту (Ігара Загумёнава) ўздых палёгкі, што фінансавы балянс імпрэзы выйшаў на плюс. Атож насамрэч надакучылі тыя крызысныя стогны пра татальны беларускі ўлёт. Улёт скончаны. Пачынаецца ўзьлёт!

Вітаўт МАРТЫНЕНКА,

музычны крытык.