Дзявятая сiмфонiя Бетховена — асаблiва дарагая беларусам?
Для Зьмітра
Сасноўскага, якога ўсе ведаюць па працы ў гурце сярэднявечнай музыкi
"Стары Ольса", гэтая фраза гучыць без пытальнiка. Акрамя таго, што ён
сам грае музыку, дык яшчэ даследуе яе. І падчас вывучэння выявiў цiкавыя факты:
у той самай знакамiтай сiмфонii, якую Людвiг ван Бетховен пiсаў ужо глухiм,
адчуваецца ўплыў беларускай музыкi! Не проста адчуваецца — нямецкi кампазiтар
выкарыстаў у ёй пяць беларускiх народных песень. Чаму i як гэта магло здарыцца?
Пра гэта гаворыцца ў кнiзе Зьмітра Сасноўскага "Гiсторыя беларускiх
музычных уплываў". Я звярнулася да аўтара па тлумачэннi:
— Скажыце, а хто супаставiў беларускiя народныя мелодыi i твор Бетховена?
— Гэта зрабiў кампазiтар Мiкола Кулiковiч, i ён жа патлумачыў, чаму Бетховен
мог выкарыстаць беларускiя песнi ў сваёй сiмфонii. Даследаванне Кулiковiча было
зроблена яшчэ ў пасляваенны час. Але яно было невядомае, таму што аўтар быў
эмiгрантам. Гэтыя даследаваннi ён зрабiў у эмiграцыi. Лiтаратура i навуковая
дзейнасць беларускай эмiграцыi не мела для нашай краiны значэння, бо беларуская
публiка не магла пазнаёмiцца з гэтымi працамi. На працягу дзесяцiгоддзяў
эмiграцыя, якая прытрымлiвалася прынцыпаў нацыянальнай самасвядомасцi, на
прасторах СССР лiчылася "не нашай". Але цяпер мы шмат чаго
даведваемся пра гэтых асобаў.
— Цi тлумачыць Кулiковiч, якiм чынам i дзе Бетховен мог пачуць беларускiя
матывы?
— Граф Разумоўскi, расiйскi вяльможа, падараваў Бетховену кнiжку, зборнiк
народнай музыкi, якая называлася "Песни Северо-Западного края".
Гэтая музыка так спадабалася Бетховену, што ён выкарыстаў у адным са сваiх
твораў ажно пяць беларускiх народных мелодый. У Дзявятай сiмфонii ёсць мелодыi
"Лявонiхi", "Мiкiты", "Трасухi", песень
"Балiць мая галованька", "Там, за садамi".
Аднак жа, калi так, то Бетховен не вынайшаў "ноу-хау", калi звярнуўся
да народных мелодый — яны сiлкавалi творчасць прафесiйных кампазiтараў. А
менавiта беларускiя народныя мелодыi натхнялi нашых кампазiтараў здаўна — яны
не толькi збiралi фальклор, але i выкарыстоўвалi яго ў сваiх творах. З сусветна
вядомых творцаў у гэтай справе быў заўважаны яшчэ, напрыклад, вядомы рускi
кампазiтар Мiхаiл Глiнка. Напэўна, таму, што па паходжаннi — наш чалавек! А
калi пакапацца ў гiсторыi расiйскай музыкi, то столькi нашых там пакiнулi след
— пра што гавораць i пiшуць нашы даследчыкi...
Ларыса ЦIМОШЫК, Звязда
Паводле TUT.BY

